Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АДЗНАЧАЮЦЬ 8 САКАВІКА БЕЛАРУСЫ Ў ПОЛЬШЧЫ І ЗАХОДНЯЙ ЭЎРОПЕ?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У Польшчы 8 сакавіка не сьвяткуецца афіцыйна, аднак шмат палякаў гэты дзень усё ж адзначаюць. У вулічных гандляроў даражэюць кветкі, а, прыкладам, у Варшаве менавіта ў гэты дзень праходзяць некалькі значных культурных мерапрыемстваў, галоўныя ўдзельнікі якіх – жанчыны.

Адзначае 8 сакавіка і беларуска Малгажата Карпюк – сьпявачка, якая летась трапіла ў фінал вельмі прэстыжнага конкурсу маладых выканаўцаў.

(Карпюк: ) “Я – жанчына і таму мне прыемна, калі нехта памятае пра мяне – віншуюць знаёмыя, сям’я. Гэта ж адзіны дзень, калі сапраўды памятаюць пра жанчыну. Жанчыны ідуць ва вуліцах з кветкамі, падарункамі”.

У іншага суседа Беларусі – Літвы, 8 сакавіка таксама не адзначаецца афіцыйна, але да гэтага, магчыма дойдзе, бо сёньня ў літоўскім Сэйме дэпутаты-мужчыны віншавалі дэпутатаў-жанчынаў і нават чыталі ім вершы. А вось Людвіка Вітушкава – эканаміст зь Вільні – міжнародны жаночы дзень не сьвяткуе.

(Вітушкава: ) “Я асабіста гэты дзень не адзначаю, бо лічу, што пра жанчын трэба памятаць увесь год, а ня толькі адзін дзень. Віншаваньні ў працы прымаю, канечне, але самое сьвята не адзначаю. У Літве яно цяпер ўсё больш папулярнае. Адразу пасьля атрыманьня незалежнасьці на 8 сакавіка забыліся, а цяпер ізноў успомнілі. Усе мужчыны на вуліцах нясуць кветкі”.

Гэта што тычыцца гэтак званых краінаў былога сацыялістычнага лягеру. А вось далей на захад 8 сакавіка наагул ніяк не адзначаецца – ні афіцыйна, ні неафіцыйна. Там, як дарэчы і ў Польшчы, галоўнае жаночае сьвята гэта Дзень маці. Гаворыць беларуска з Парыжу Вірджынія Шыманец.

(Шыманец: ) “Я гэты дзень не сьвяткую і ў Францыі таксама ніхто яго не сьвяткуе. Тут зусім інакш, чым у Беларусі, дзе гэтае сьвята важнае. У Францыі ёсьць Дзень маці і гэта тут значна больш важнае сьвята”.

З Парыжу гаварыла Вірджынія Шыманец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG