Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніка начальніка калёніі, дзе загінуў Навальны, зноў будуць судзіць


Калёнія № 3 у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, Расея
Калёнія № 3 у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, Расея

Намесьніка начальніка калёніі № 3 у расейскай Харпе Васіля Выдрына будуць зноў судзіць у крымінальнай справе аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Матэрыялы паступілі ў суд 23 сьнежня, зьвярнула ўвагу «Вёрстка».

Раней Выдрына ўжо спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці ў гэтым абвінавачаньні, аднак у жніўні 2025 году суд апраўдаў яго праз «адсутнасьць складу злачынства». Пасьля скаргі пракурора акруговы суд паслаў справу на новы разгляд.

Паводле сьледзтва, Выдрын прымушаў трох зьняволеных рабіць рамонт у яго кватэры. Сьцьвярджаецца, што для гэтага ён неаднаразова выводзіў іх з тэрыторыі калёніі ў пэрыяд з красавіка 2021 па 24 лютага 2022 году. У абмен ён даваў ім па тысячы рублёў у першы дзень працы, а ў наступныя — па 300 рублёў. Таксама ў якасьці аплаты ён прапаноўваў гарбату і цыгарэты.

Пасяджэньне ў гэтай справе пакуль не прызначанае, Выдрын знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

  • У лютым 2024 году ў калёніі № 3 у Харпе памёр палітык Аляксей Навальны. Пасьля гібелі Навальнага Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць супрацоўнікаў калёніі, у тым ліку супраць Васіля Выдрына.
  • Сьледчы камітэт адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце сьмерці Навальнага, абвясьціўшы прычынай сьмерці «камбінаванае захворваньне». Паплечнікі палітыка заяўляюць, што яго забілі на загад прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG