Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ЗНОЎ ПАЎСТАНУЦЬ ПЕРАД СУДОМ


Любоў Лунёва, Менск

Апэратыўнікаў крымінальнага вышуку Піскарова і Аніхоўскага будуць да суду ўтрымліваць пад вартай. Гэтыя міліцыянты летась прыйшлі працаваць у аддзел крымінальнага вышуку пасьля вучобы ў акадэміі міліцыі. Невядома, што стала прычынай злачынства. Сьледзтва высьветліла, што маладыя апэратыўнікі наведалі адну з так званых сумнеўных кватэраў раёну і зьбілі людзей, якія там былі.

Пасьля гэтага пайшлі на другую падобную кватэру. Там старэйшы зь міліцыянтаў, якому споўніўся 21 год (ён, дарэчы, унук былога міністра ўнутраных справаў Піскарова) нібыта дэманстраваў больш маладому 19-гадоваму Аніхоўскаму, як трэба абыходзіцца з асацыяльнымі элемэнтамі. Ён так зьбіў мужчыну, што той сканаў ад пабояў. Потым наведалі трэцюю кватэру, дзе таксама зьбілі ўсіх прысутных.

Калі ў судзе будзе даказаная віна абвінавачаных, яны на доўгі тэрмін апынуцца за кратамі.

Гэта ня першы выпадак, калі за зьбіццё і забойствы людзей міліцыянтаў прыцягваюць да судовай адказнасьці. Цягам двух гадоў рознымі тэрмінамі пазбаўленьня волі суды пакаралі дзясяткі міліцыянтаў. Большасьць зь іх — супрацоўнікі патрульна-паставой службы. Яны зьбівалі затрыманых людзей у міліцэйскіх пастарунках, зьдзекаваліся, прымушалі прызнавацца ў правапарушэньнях. Але былі выпадкі, калі на лаву падсудных за катаваньні людзей траплялі кіраўнікі сьледчых аддзелаў крымінальнага вышуку. Адвакатка Тацяна Наўмовіч абараняла інтарэсы сына забітага міліцыянтамі ў мэдвыцьвярэзьніку начальніка цэху гадзіньнікавага заводу Аляксандра Кулакова. На яе думку, крымінальных справаў супраць міліцыянтаў магло быць значна болей.

(Наўмовіч: ) “Па-першае, існуе так званая “кругавая парука”, як і ў кожным прафэсійным асяродзьдзі. Па-другое, вельмі цяжка даказаць склад злачынства. Калі чалавека пасьля зьбіцьця яшчэ два-тры дні ўтрымліваюць, то цяжка даказаць і пабоі. Людзі разумеюць, што даказаць нешта ім будзе практычна немагчыма. Міліцыянты адчуваюць сваю ўладу. Яны ведаюць, што іх будуць абараняць, а пацярпелы таксама ведае, што ягоную справу будуць весьці такія ж міліцыянты, на якіх ён паскардзіўся. Міліцыянты адчуваюць сваю беспакаранасьць. Відаць, яны і да крымінальнай справы робілі такія ўчынкі, але ім удавалася пазьбягаць адказнасьці”.

Цягам першага месяца пракуратурамі распачата некалькі крымінальных справаў супраць міліцыянтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG