Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат Эўропы па фэхтаваньні могуць перанесьці праз адмову Эстоніі прыняць спартоўцаў зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Чэмпіянат Эўропы па фэхтаваньні сярод дарослых, які павінен быў прайсьці ў Таліне (Эстонія) у 2026 годзе, апынуўся пад пагрозай зрыву.

Як паведаміла эстонскае выданьне err.ee, Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня патрабуе ад краіны-арганізатаркі пісьмовага пацьвярджэньня, што ўсе спартоўцы змогуць удзельнічаць у турніры і перасячы мяжу незалежна ад грамадзянства і вайсковага званьня. Аднак эстонскія ўлады адмаўляюцца падпісваць такі дакумэнт.

Паводле віцэ-канцлера Міністэрства культуры ў пытаньнях спору Райда Мітта, эстонская дзяржава ня можа даць пацьвярджэньне, што ўсе ахвочыя ўдзельнічаць у чэмпіянаце змогуць перасячы мяжу. Ён дадаў, што пазыцыя ўраду аднасэнсоўная: спартоўцам з Расеі і Беларусі візы не выдаюць, дзейнічае нулявая талерантнасьць і выключэньняў ня будзе.

Пасьля нядаўняга візыту дэлегацыі Эўрапейскай канфэдэрацыі фэхтаваньня ў Міністэрства культуры стала зразумела: без выкананьня гэтага патрабаваньня турнір могуць перанесьці ў іншую краіну. Паводле генэральнага сакратара Саюзу фэхтаваньня Эстоніі Айвара Паалбэрга, арганізацыі далі зразумець, што ў Эстоніі могуць забраць права правядзеньня чэмпіянату Эўропы. Афіцыйнага рашэньня пакуль няма, але ў Саюзе фэхтаваньня Эстоніі не выключаюць, што турнір у Таліне ў наступным годзе не адбудзецца.

Талін выбралі месцам правядзеньня чэмпіянату Эўропы летась увосень на кангрэсе Эўрапейскай канфэдэрацыі фэхтаваньня ў Будапэшце (Вугоршчына). Кандыдатуру сталіцы Эстоніі, якая выйграла канкурэнцыю ў Ерэвана (Армэнія), падтрымалі 24 з 42 краін-удзельніц арганізацыі.

Сёлета ў траўні Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня (FIE) дазволіла спартоўцам зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах пад сваёй эгідай. Цяпер беларусы і расейцы могуць спаборнічаць у нэўтральным статусе, а каманды — выступаць пад сьцягам фэдэрацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG