Сябры рэдакцыі крычаўскай газэты “Ўласны камэнтар” дамагаліся гэтага рашэньня паўгоду. Выдавец газэты, крычаўскі пэнсіянэр Уладзімер Кудраўцаў яшчэ ў ліпені зьвярнуўся ў райвыканкам з просьбай даць дазвол на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу рэдакцыі ў яго прыватным доме. Чыноўнікі адмовілі, прычым афіцыйна ніяк не матывуючы свайго рашэньня. Праўда, у пратакол паседжаньня камісіі крычаўскага райвыканкаму быў унесены запіс пра тое, што Жыльлёвы кодэкс не дазваляе разьмяшчаць прадпрыемствы ў жылых будынках.
Сябры рэдакцыі абсакрджвалі гэтае рашэньне ў Магілёўскім аблвыканкаме і ў абласным гаспадарчым судзе. Апошняя інстанцыя і пераправіла пазоў рэдакцыі “Ўласнага камэнтару” ў Вышэйшы гаспадарчы суд.
Судовае разьбіральніцтва працягвалася там усяго 45 хвілінаў. Сябра рэдакцыі “Ўласнага камэнтару” Мікалай Маторанка пераконваў суд, што рэдакцыя газэты можа быць разьмешчаная ў прыватным ізаляваным доме, а вытворчасьць выданьня ніяк ня можа перашкаджаць суседзям ці іншым асобам. Да гэтага ён дадаў адпаведныя тлумачэньні на гэтую тэму Мінюсту й Міністэрства інфармацыі. Прадстаўнік Крычаўскага райвыканкаму фактычна ня меў нічога, каб запярэчыць гэтаму.
У выніку, судзьдзя Гарнаўскі прызнаў рашэньне Крычаўскага райвыканаму аб адмове ў рэгістрацыі юрыдычнага адрасу газэты несапраўдным. На думку суду, чыноўнікі парушылі заканадаўства, калі ніяк не матывавалі сваёй адмовы.
Мікалай Маторанка так пракамэнтаваў гэтае судовае рашэньне:
(Маторанка: ) “Я думаю, нарэшце беларуская Тэміда вынесла ўсё ж такі правільнае рашэньне. Шляхам доўгіх спрэчак, але рашэньне слушнае”.
Беларускія суды ня часта прымаюць рашэньні на карысьць недзяржаўных дэмакратычных выданьняў. Гаворыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
(Бастунец: ) “Сёньняшняе рашэньне я лічу добрым пачаткам гэтага году. Зразумела, што год будзе цяжкі, але пачатак вельмі добры. Рашэньне законнае, і вельмі добра, што яно прынятае”.
Цяпер рэдакцыя газэты “Ўласны камэнтар” будзе рыхаваць дакумэнты для рэгістрацыі свайго выданьня.