Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 29 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Камунар Магілеўшчыны”, 1933 год. “Абавязковая пастанова Магілеўскага Гарадзкога Савету Рабочых, Сялянскіх і Чырвонаармейскіх дэпутатаў “Аб упрыгожаньні гораду і санітарным аздараўленьні яго да дня 16-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі”:

“Да 5-га лістапада вытварыць: а). Ачыстку ад бруду, сьмецьця, нечыстот і ўсякай завалі двароў, вуліц, плошчаў, рынкаў, садоў і сквэраў; б). Адрамантаваць маставыя і тратуары, а там, дзе няма тратуараў, пабудаваць апошнія па ўстаноўленым стандарце, згодна ранейшай пастановы Гарадзкога Савету; в). Сканчэньне афарбоўкі дамоў, крам, памяшканьняў, устаноў і прадпрыемстваў, пабудову і афарбоўку забораў, асабліва на галоўных вуліцах Першамайскай і Ленінскай; г). У мэтах найлепшага ажыцьцяўленьня мерапрыемстваў па санітарнаму аздараўленьню гораду і прывядзеньні яго ў належны выгляд аб’явіць дэкаднік штурма”.

“Чырвоная змена”, 1983 год. Сакратар Менскага гаркаму камсамолу М.Падгайны аб візыце на БАМ:

“Нам прыемна было пераканацца, што беларускі атрад на БАМе — адзін з лепшых у саставе БМП-608. Ён працуе ўжо больш як пяць гадоў, але і сёньня ў яго саставе амаль 80% тых, хто адправіўся ў тайгу з Крамлёўскага Палацу зьездаў у красавіку 1978 году. Хочацца пажадаць байцам беларускага атрада, каб залатое, апошняе зьвяно БАМа, якое, паводле прынятых абавязацельстваў, павінна заняць сваё месца роўна праз год, у Дзень нараджэньня камсамолу, было ўкладзена іх рукамі”.

“Звязда”, 1993 год. Рэктар Беларускага ўнівэрсытэту культуры Я.Грыгаровіч адказвае на пытаньні А.Уліцёнка:

“Наша мова значна бліжэй да многіх эўрапейскіх па свайму саставу, тэрміналёгіі, чым руская. Ужо нават таму няма неабходнасьці ў перакладзе спэцыфічных тэрмінаў. “Крэшчэнда” павінна заставацца “крэшчэнда”. З другога боку, калі я чую: “Вой-вой-вой, як гэта чытаць на роднай мове, калі няма адпаведнай беларускай тэрміналёгіі!”, то пытаюся: прабачце, а ў якім цывілізаваным сьвеце карыстаюцца ўласнымі тэрмінамі? У мяне такое ўражаньне, што аднадушна ўсьвядомлена: калі ёсьць сувэрэнітэт, самастойная дзяржава зь дзяржаўным унівэрсытэтам культуры, то, безумоўна, ён павінен працаваць на дзяржаўнай мове. Мысьліць па-эўрапейску на Беларусі можна толькі па-беларуску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG