Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕ САДАМ?


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Ары Фляйшэр, прэс-сакратар Белага Дому, адмовіўся падцьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю пра тое, што амэрыканская адміністрацыя мае нейкія дакладныя зьвесткі пра Садама. Прыкладна тое самае мы пачулі і ад міністра абароны Рамсфэльда, хоць Пэнтагон і спадзяецца, што масіўныя ракеты “Тамагаўк” ударылі менавіта па Садаму і яго сынам.

Гэтая няпэўнасьць не была разьвеяная і тэлевізійным зьяўленьнем Садама Хусэйна праз пару гадзін пасьля бамбаваньня. Многія адзначаюць, што чалавек на тэлеэкране мог быць Садамам. Ён выглядаў вельмі стомленым, з апухлым тварам і трохі старэйшым, чым на апошніх тэлезапісах некалькі тыдняў таму. Таксама незвычайная дэталь – ён выступаў у вельмі тоўстых акулярах. Дагэтуль Садама амаль ніколі ня бачылі ў акулярах, бо ён лічыў гэта адзнакай слабасьці. Але калі разглядаць гэты тэлевыступ у кантэксьце бамбаваньня, калі ён сапраўды знаходзіўся ў бункеры, але здолеў уратавацца, дык стомленасьць і акуляры выглядаюць досыць натуральна. Гэта, вядома, не даказвае таго, што падобная натуралістычная касэта не магла быць запісаная загадзя. Зараз Цэнтральная выведка ЗША дасьледуе кожную дэталь гэтага відэазапісу: рухі твару, голас, саму прамову.

Пасьля гэтай трансьляцыі ірацкая тэлевізія яшчэ некалькі разоў паказвала Садама за сталом у кампаніі іншых ірацкіх урадоўцаў, але гэтыя запісы не выглядалі як новыя.

Такім чынам, няма яснасьці што да таго, жывы Садам Хусэйн ці не. Некаторыя афіцыйныя асобы ў ЗША сумняюцца, што Садам быў забіты падчас атакі, таму што ўрадавая актыўнасьць у Багдадзе і ваколіцах працягваецца, як бы яна была за Садамам.

Тое, што Цэнтральная выведка ЗША здабыла дадзеныя пра знаходжаньне Садама ў сераду, азначае, што ЦРУ мае інфарматара у блізкім атачэньні дыктатара. Разумеючы гэта, Садам зараз можа пачаць чысткі сярод сваіх падначаленых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG