Забарона адміністрацыі папраўчай установы працаваць у мясцовай газэце прымусіла Паўла шукаць іншы занятак. У адваротным выпадку асуджаны можа быць абвінавачваны ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня. Таму сёньня спадар Мажэйка прыехаў у вёску Саланое да фэрмэра Алега Бабушкіна. Гэта за 30 кілямэтраў ад Жлобіну. Фэрмэр узяў гарадзенскага журналіста на працу і паведаміў нават, з чаго пачаў Павал сваё новае жыцьцё і чым будзе займацца надалей:
(Бабушкін: ) “Бітум плавіць — сёньня, з васьмі да трох. У сельскай гаспадарцы будзе працаваць — кароў пасьвіць, даіць і ўсё астатняе”.
Паводле ягоных словаў, гарачы бітум патрэбны для рамонту даху на фэрме.
Ні палітычныя погляды Паўла, ні справы ў газэце “Пагоня” спадара Бабушкіна не цікавяць:
(Бабушкін: ) “Я на яго гляджу, як на працаўніка. Што там у яго было, навошта і чаму — мяне гэта не цікавіць. Ён прыйшоў да мяне на працу ўладкоўвацца, мне і патрэбны працаўнік. Сельскагаспадарчай спэцыяльнасьці ў яго няма, таму ён будзе выконваць чарнавую работу”, — кажа жлобінскі фэрмэр Алег Бабушкін.
І Павал Мажэйка, і Мікола Маркевіч мусілі былі напачатку адбываць пакараньне ў Гарадзенскай вобласьці. Паўлу, напрыклад, аб’яўлялі нават пра накіраваньне ў Ашмянскую папраўчую ўстанову. Але нечакана суд Ленінскага раёну Горадні зьмяніў кірунак — на Асіповічы і Жлобін.
Вось што мяркуе на гэты конт сам спадар Мажэйка:
(Мажэйка: ) “Наш працэс, які цягнуўся ў Горадні колькі месяцаў, выклікаў сапраўды бурлівы рэзананс, рэакцыю людзей. Усе гарадзенцы ведалі. Горад сапраўды як бы стаяў на вушах. І таму, каб зьбіць гэты накал, нас і выпіхнулі за межы вобласьці. Усё ж такі паміж Горадняй і Міколам у Асіповічах і мною ў Жлобіне — велізарная адлегласьць, і, безумоўна, ня кожны здолее даехаць сюды”.