Пяць цягачоў з грузам і пяць машын суправаджэньня з тэрыторыі Інжынэрнага інстытуту Міністэрства па надзвычайных сытуацыях выехалі пад гукі аркестру і ў прысутнасьці найвышэйшага кіраўніцтва. Пяць тысяч коўдраў, 40 намётаў, перасоўныя электрастанцыі, харчы і адзеньне — гэта беларускія выратавальнікі вязуць зараз па тэрыторыі ўжо Расейскай Фэдэрацыі.
Выпраўляючы падначаленых у дарогу, міністар Валеры Астапаў нагадаў, што якой бы ні была блізкай Расея, гэта ўсё ж суседняя краіна й яны мусяць там годна рэпрэзэнтаваць Беларусь. Мэту акцыі ў інтэрвію нашаму радыё Валеры Астапаў пазначыў так:
(Астапаў: ) “Зараз мы ганарымся, што ў такой ня надта багатай краіне мы здольныя праводзіць такія акцыі. Але нармалёвыя людзі павінныя падзяліць і апошні кавалачак хлеба. І пэўна, ня гэтак важна, колькі й чаго тут — важна, што мы адразу адгукнуліся на гэтую бяду”.
Ініцыятарам дабрачыннай акцыі выступіла найвышэйшае кіраўніцтва краіны, а непасрэднымі выканаўцамі — вайскоўцы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. 26 выратавальнікаў мусяць пераадолець каля двух тысяч кілямэтраў толькі ў адзін бок і даставіць у Стаўрапаль груз на 160 тысяч даляраў. Яны кажуць, што асабістай выгады ад паездкі ня маюць.
(Выратавальнік: ) “Калёнай ідзем. Двое сутак”.
(Іншы выратавальнік: ) “Спаць будзем у машынах, харчавацца таксама”.
(Выратавальнікі: ) “Нам выпісалі камандзіровачныя, заплацяць заробак. А больш ад гэтага мы нічога ня маем. Праца ў нас такая”.
(Карэспандэнтка: ) “Гэтая дабрачынная акцыя — яна эканамічная ці палітычная, як вы лічыце?”
(Выратавальнік: ) “Для нас яна выключна эканамічная. Нас, можа, там і не чакаюць. Але мы ідзем”.
Цяперашняя дабрачынная акцыя — ня першая, якую па даручэньні кіраўніцтва краіны выконвае Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Але, калі за мінулы год у Кітай, Украіну, Армэнію, Малдову ды шэраг іншых дзяржаваў было адпраўлена грузаў на 460 мільёнаў беларускіх рублёў, дык цяперашняя разовая дапамога Расеі складае амаль 300 мільёнаў.
Дабрачынны груз зь Беларусі ў Расею пайшоў пасьля таго, як урад суседняй краіны абвесьціў пра разовыя выплаты сваякам загінулых у небе над Нямеччынай грамадзянаў Расеі. Ці атрымаюць кампэнсацыю родныя беларускай сям’і, якая таксама ляцела ў расейскім самалёце, да сёньня невядома.
Невядома таксама, ці кампэнсуе ўрад Беларусі страту кармільцаў сем’ям шасьці загінулых лесьнікоў Кобрыньскага лесгасу, службовы аўтамабіль якіх на неахоўным пераезьдзе зьбіў цягнік якраз у дзень трагедыі, што здарылася з расейскім самалётам. Старэйшаму зь іх было 40, а малодшаму — 19 гадоў.