Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ Ў ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ БУДЗЕ ЗАЛЕЖАЦЬ АД ПАЗЫЦЫІ "СТОМЛЕНЫХ"


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня сябры дэлегацыі Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў Анатоль Лябедзька, Валянціна Палевікова і Ўладзімер Нісьцюк, якія ў статусе назіральнікаў удзельнічалі ў зімовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, выказалі свае прагнозы наконт далейшага разьвіцьця падзеяў вакол Беларусі.

На іхную думку, у ліпені падчас летняй сэсіі ПА АБСЭ ў Бэрліне Расея і яе сатэліты зноў паспрабуюць правесьці ў склад Парлямэнцкай Асамблеі “палату прадстаўнікоў”. Удзельнікаў магчымага галасаваньня Анатоль Лябедзька падзяліў на дзьве групы: краіны пасьлядоўныя і краіны, так бы мовіць, "стомленыя". Пасьлядоўныя таксама дзеляцца на два лягеры: меншы — гэта прыхільнікі Лукашэнкі з Расеі і некаторых краінаў СНД, і большы — гэта краіны, што дамагаюцца прадстаўніцтва ў асамблеі дэмакратычна абранага парлямэнту Беларусі. Гэта перш-наперш ЗША, Славаччына, Літва, Латвія. Але летам вельмі важнай будзе пазыцыя іншых краінаў, лічыць Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) "Усё будзе залежаць у Бэрліне ад групы "стомленых". Яны насамрэч стаміліся. Я нагадаю, што беларускае пытаньне не вырашаецца з 1996 году. Падчас нашай сустрэчы з Утай Цапф яна сказала, што ўнутры нямецкай дэлегацыі — нямецкая дэлегацыя, разам з расейскай і амэрыканскай, уваходзіць у склад той тройкі, якая вызначае расклад галасаваньня па тым ці іншым пытаньні — да гэтага часу ідзе дыскусія".

Апазыцыя сёньня вымушаная прызнаць, што дагэтуль інфармавала пра становішча ў Беларусі пераважна заходнія краіны і дарэмна абышла ўвагай краіны СНД. Паводле Валянціны Палевіковай, да яе падыходзілі дэпутаты з Грузіі, Азэрбайджану, Арменіі ды іншых краінаў Садружнасьці, і ўсё зьдзіўляліся: няўжо ў Беларусі так дрэнна?

Уладзімер Нісьцюк так бачыць гэтую сытуацыю:

(Нісьцюк: ) "Краіны СНД зусім нічога ня ведаюць пра Беларусь. Вось грузіны тыя ж кажуць: ня можа такога быць, што вы нам расказваеце. Я ім адказваю: калі б я ведаў, што вы такія неінфармаваныя, я б прывёз вам кантэйнэр інфармацыі, зь якой вы ўпэўніліся б, што яно сапраўды так, а можа нават і горш. Мы, можа, ня ў стане ўсё самае горшае абагульніць і расказаць. Яны нічога ня ведаюць. Мы зараз павінны ў рамках Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў зрабіць так, каб інфармацыя, якой мы валодаем, даходзіла да ўсіх".

Я спытаў Анатоля Лябедзьку, як ён ацэньвае той факт, што адмысловая рабочая група ў справах Беларусі на чале з Утай Цапф перад наведваньнем Беларусі на пачатку красавіка хоча зьездзіць на перамовы ў Маскву. Адказ быў наступны:

(Лябедзька: ) "Наконт паездкі ў Расею Ўта Цапф сказала, што ў іх былі спадзяваньні, але пасьля гэтай сэсіі яны значна зьменшыліся, зьявіліся сумневы ў эфэктыўнасьці працы ў фармаце Дзяржаўнай думы. І мы пагадзіліся, што Расея — гэта ўсё ж значна больш, чым Дзяржаўная дума і заангажаваны спадар Селязьнёў. Нам больш цікава было тое, што яна адзначыла, што, калі рабочая група прыедзе ў Менск, яна ня будзе затрымлівацца толькі ў сталіцы. Яны мяркуюць выехаць у некалькі рэгіёнаў".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG