Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧЫРВОНЫМ КАСЬЦЁЛЕ НА ЗНАК ПРАТЭСТУ — ЧОРНЫ ЎБОР


Галіна Абакунчык, Менск

Нават з самага аддаленага ўваходу ў Чырвоны касьцёл сярод вясёлых калядных фарбаў заўважным кантрастам вылучаецца цёмная капронавая тканіна, якая закрывае напісаныя на алтарнай сьцяне словы “Голас душы”.

Гэты цёмны колер смутку яшчэ раз нагадвае, што з пачаткам сёлетняга году ўлады забаранілі трансьляваць у радыёэфіры каталіцкую духоўную праграму “Голас душы”. На чорнай тканіне замацаваныя шэсьць бліскучых сэрцаў — як сымбаль таго, што ва ўсіх абласьцях Беларусі ёсць прыхільнікі забароненай радыёперадачы. Пра гэта падчас набажэнства гаварыў пробашч касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены Ўладзіслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) “Шэсьць абласьцей Беларусі. Многія людзі маліліся, паміралі, слухаючы “Голас душы” апошні раз, і праз удзел у набажэнстве атрымоўвалі сілу й дапамогу. І вось цяпер — пакуты ўсяго народу ў выніку закрыцьця “Голасу душы”. Гэта робіць злы дух. І ўсе, хто яму служаць, гэта завяршылі”.

6 студзеня, калі праваслаўныя вернікі Беларусі рыхтаваліся сустракаць Раство Хрыстова, каталікі смуткавалі з нагоды скасаваньня папулярнай духоўнай праграмы. У нядзелю, упершыню за апошнія восем гадоў, аб 11-й гадзіне на першай праграме дзяжаўнага радыё малітоўны “Голас душы” ня гучаў. Замест беларускамоўнага набажэнства сталыя слухачы пачулі папсовыя сьпевы другарадных расейскіх выканаўцаў. Адметна, што такі, так бы мовіць, “падарунак” набожны люд атрымаў ад улады ў калядны тыдзень.

У Чырвоным касьцёле я гутарыла зь Міраславам Любецкім — грамадзянінам Польшчы, які, наведваючы Беларусь зь дзелавых і сваяцкіх патрэбаў, часта прыходзіць сюды. Ён перакананы, што ні ў якай іншай эўрапейскай краіне падобнае адбыцца не магло.

(Любецкі: ) “У Польшчы мы маем літургію і па тэлебачаньні, і па радыё, а ў Беларусі па радыё была, але адключылі. Гэта дыктатура. Каталікоў не паважаюць абсалютна. Папросту — кепскі ўрад. Вельмі цяжка жыць: пляшка гарэлкі каштуе дзьве тысячы, а кавалак добрай каўбасы дзесяць. У Польшчы, можна сказаць, наадварот.

Мая мама — ураджэнка Наваградку, і мне прыемна сюды прыяжджаць, бываць у Завальнюка. Касьцёл ёсьць касьцёл. І тое, што побач стаіць бандзюга-Ленін — то ён тут не патрэбны”.

У сьвята Абвяшчэньня Пана Бога яшчэ ня ўсе прысутныя ў Чырвоным касьцёле ведалі, што радыёпраграмы “Голас душы” больш няма, і яны не маглі ў гэта паверыць. Сотні вернікаў разам з ксяндзом у гэты дзень узносілі Нябеснаму Валадару малітоўныя просьбы, у тым ліку й за другое нараджэньне “Голасу душы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG