Сярод Праведнікаў народаў сьвету — жыхары Горадні, Берасьця, Бабруйску, Меншчыны, Гарадзеншчыны й Магілёўшчыны.
Ян і Кацярына Карыевы выратавалі Саламона Жукоўскага. Да вайны той працаваў у Горадні настаўнікам. У 1943 годзе Саламон трапіў у гета, але здолеў адтуль уцячы. Яму дапамаглі Ян і Кацярына Карыевы, якія схавалі Саламона ў сваёй хаце на гарышчы.
Ян і Кацярына Карыевы атрымалі званьне Праведнікаў народаў сьвету пасьля сьмерці. На цырымонію ганараваньня Карыевых адмыслова прыехалі з Ізраіля нашчадкі Саламона Жукоўскага — Сара і Арон Левіны. Арон пераклаў дзёньнікі свайго дзядькі Саламона, якія той вёў у вайну. Нядаўна гэтыя дзёньнікі былі надрукаваныя ў Ізраілі.
Акрамя сям'і Карыевых, ганаровае званьне Праведнікаў народаў сьвету атрымалі яшчэ 14 беларусаў — Ганна Зуеўская, Лізавета Харытон, Сьцяпан і Эфімія Рэўтовіч, Іосіф і Яўгенія Пакульніцкія, Хведар і Вера Рышчук, Міхал і Лідзія Міхадзюк, а таксама Фёдар Мятліцкі. Міхал і Стэфаніда Талочкі ды іхная дачка Марыя выратавалі ў вайну 5 габрэяў.
Усяго ўжо каля 400 беларусаў маюць ганаровае званьне Праведнікаў народаў сьвету. Ушанаваньнем займаецца ізраільскі Мэмарыяльны інстытут катастрофы й гераізму эўрапейскага габрэйства Яд Вашэм, імёны праведнікаў заносяць на Сьцяну гонару ў Ерусаліме.
Дарэчы, цырымонія ганараваньня Праведнікаў народаў сьвету мусіла адбыцца 12 верасьня. Але з прычыны тэрактаў 11 верасьня яе перанесьлі.