Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БАКУ БІН ЛЯДЭНА І ТАЛІБАНУ – ТЫСЯЧЫ БАЕВІКОЎ ЗЬ ДЗЯСЯТКАЎ КРАІНАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Карэспандэнт газэты Daily Telegraph у Пакістане Ахмэд Рашыд паведамляе, што каля 3000 арабскіх баевікоў з трынаццаці краінаў, якія знаходзяцца ў Афганістане, апошнімі днямі прысягнулі на адданасьць бін Лядэну. Мяркуецца, што там знаходзяцца яшчэ тысячы байцоў, якія перабеглі ў апошнія тры гады з Расеі, Пакістану, Кітаю, Ірану, Сярэдняй Азіі і Далёкага Ўсходу, якія гатовыя змагацца за Талібан.

Дзясяткі тысячаў пакістанскіх іслямскіх баевікоў ужо ваявалі разам з талібамі. Цяпер 4000 пакістанскіх баевікоў уваходзяць у склад дваццаціпяцітысячных сілаў Талібану. Шмат пакістанскіх баевікоў пераходзяць мяжу, каб узяць удзел у вайне супраць Амэрыкі. Сярод іх – баевікі пакістанска-кашмірскай групоўкі Харакат-ул-Муджадзін, якую ЗША лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй, і групоўкі Джаіш-э-Махамад, якая арганізавала ў панядзелак выбух у Кашміры, у выніку чаго загінула 38 чалавек.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім сьпісе тэрарыстычных арганізацыяў назваў і тыя, што паходзяць з краінаў былога СССР. Сярод іх і Іслямскі Рух Узбэкістану.

Паводле газэты Daily Telegraph, Іслямскаму Руху Ўзбэкістану належаць тры базы на кантраляваных Талібанам тэрыторыях на поўначы Афганістану. Зараз на баку Талібану змагаецца 2500-3000 баявікоў узбэцкага руху. Іслямскі Рух Узбэкістану мае на мэце зрынуць рэжым прэзыдэнта Іслама Карымава і арганізаваць іслямскую рэвалюцыю ў Сярэдняй Азіі. У 1999 і 2000 годзе Іслямскі Рух Узбэкістану нападаў на Узбэкістан і Кыргызстан са сваіх базаў у Афганістане, спрабуючы ўтварыць гэтак званую “свабодную” зону ў Фэрганскай даліне, дзе перакрыжоўваюцца межы трох сярэдняазіяцкіх дзяржаваў.

Карэспандэнт газэты Daily Telegraph паведамляе, што бін Лядэн дапамагаў фінансаваць і ўзбройваць Іслямскі Рух Узбэкістану. Ён купіў для яго два расейскіх гэлікоптэры, сучаснае камунікацыйнае абсталяваньне і тэхніку для вядзеньня баёў у начны час. Газэта Daily Telegraph выказвае меркаваньне, што ва Ўзбэкістане разумеюць, што амэрыканская кааліцыя будзе змагацца і з Іслямскім Рухам Узбэкістану. Таму краіна дазволіла ЗША выкарыстоўваць у ваеннай апэрацыі свае базы.

Нарэшце, Чачэнія. Расея даўно спрабуе разарваць сувязі паміж Талібанам і чачэнцамі. Талібан – адзіны з кіруючых рэжымаў сьвету, які прызнаў урад сэпаратысцкай Чачэнскай рэспублікі. Сотні чачэнцаў уваходзяць у склад сілаў Талібану. Бін Лядэн, – паведамляе Daily Telegraph, – карыстаўся чачэнскай сеткай транспартыроўкі гераіну, што цягнецца праз Расею і Ўсходнюю Эўропу, каб узмацніць свае фінансавыя магчымасьці.

Мяркуючы па гэтым артыкуле, напэўна, так. Далей Ахмэд Рашыд піша, што Іран нэгатыўна ставіцца да Талібану і будзе задаволены, калі Амэрыка зрыне гэты рэжым. Адна з прычынаў у тым, што ў Афганістане знайшлі прытулак дзьве іранскія апазыцыйныя групоўкі. Штаб-кватэра групоўкі Муджахэдзін-э-Халк разьмешчаная ў Іраку. Гэтая групоўка мае трэніровачныя лягэры ў Кандагары. Невялікая групоўка Аль-э-Суна Валь Джамаат, якая складаецца зь іранцаў, што выступаюць супраць кіруючага рэжыму ў Тэгэране, пастаўляе Талібану баевікоў са сваіх базаў у заходнім горадзе Гэрат.

Брытанская газэта таксама піша, што на трэніровачных базах Талібану навучаюцца і сотні ўйгураў з адзінай мусульманскай правінцыі Кітаю Цыньцьзян. Яны таксама змагаюцца на баку Талібану. Пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня Кітай перамясьціў войскі ў Цыньцьзян, каб засьцерагчыся ад атакаў уйгурскіх сэпаратыстаў, правёў шматлікія арышты і зачыніў межы з Пакістанам і Афганістанам.

Паводле Daily Telegraph, разам з Талібанам трэніруюцца і змагаюцца таксама невялікія групы іслямскіх баявікоў зь Інданэзіі, Філіпінаў, Малайзіі, Бірмы.

Карэспандэнт лёнданскай газэты Daily Telegraph у Пакістане Ахмэд Рашыд адзначае такім чынам, што лідэр Талібану мула Амар усё больш і больш залежыць ад замежных баевікоў, бо ў талібскіх сілах усё больш і больш дэзэртыраў. Замежнікі ж разумеюць, што ім няма куды падацца, бо калі яны вернуцца ў родныя мясьціны, іх пакараюць сьмерцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG