Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛЁНДАНЕ СКОНЧЫЛА ПРАЦУ БЕЛАРУСКАЯ НАВУКОВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Першы дзень канфэрэнцыі ўчора уключаў шэраг выступаў, а таксама абмеркаваньні, датычныя асобных аспэктаў мінулага і сучаснасьці беларускай культуры ў сьвеце і, асабліва, ролі ў гэтым дыяспары. Напрыклад, жывое абмеркаваньне выклікала праблематыка гісторыі і пэрспэктываў перакладу беларускай літаратуры на сусьветныя мовы (напрыклад, ангельскую), з нагоды выступу сп. Лявона Юрэвіча са Злучаных Штатаў. Варта нагадаць, што ў сьвеце добра ведаюць творы Васіля Быкава, а адна з кнігаў Караткевіча была выдадзена па-ангельску нават камэрцыйным выдаведствам, і анталёгія беларускай паэзіі ў перакладзе Веры Рыч знаходзіцца ў каля 500 бібліятэкаў Злучаных Штатаў і карыстаецца пэўнай папулярнасьцю. Хаця, вядома, усяго гэтага не дастаткова.

У Бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў гэтыя дні таксама працуе выстава беларускага эміграцыйнага кнігадрукаваньня са спэцыяльнай сэкцыяй, прысьвечанай беларускай рэлігійнай літаратуры дыяспары. Адлік беларускага друку ў замежжы, дарэчы, пачынаецца ад самога Францішка Скарыны, ад 1517 году.

Сёньня дзень распачаўся з урачыстай літургіі, якую адпраўяў айцец Аляксандар Надсан. Менавіта высілкамі і працаю перадусім гэтага чалавека адбываецца і цяперашняя канфэрэнцыя ў Лёндане. У казаньні падчас набажэнства сёньня айцец Аляксандар між іншага нагадаў прысутным, што слова “дыяспара” (з грэцкай мовы) сапраўды значыць не “разагнаньне” а “расьсеяньне”, як расьсяваецца зерне.

Шэраг выступаў чакаецца сёньня на завершаньне канфэрэнцыі, напрыклад праца сп. Зоры Кіпель зь Нью-Ёрку аб двухсотгодзьдзі друку беларускай эміграцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG