Сёньня наш карэспандэнт выйшаў менавіта на плошчу Незалежнасьці, каб распытаць мінакоў, як яны ставяцца да тых падзеяў і цяперашняга стану нацыянальнай сымболікі, што думаюць пра яе пэрспэктывы.
Пра тое, што роўна 10 гадоў таму былі афіцыйна ўведзеныя як дзяржаўныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня", памятаюць нямногія.
Пра тое, хто ўласна заносіў бел-чырвона-белы сьцяг у залю паседжаньняў Вярхоўнага Савету, памятаюць яшчэ менш, хаця некаторыя і не забыліся:
(Спадар: ) "Памятаем: гэта былі сёньняшні прэзыдэнт, касманаўт Кавалёнак і спадарыня Сямдзянава, калі не памыляюся".
(Карэспандэнт: ) "Як вы тады ўспрынялі новай сымболікі?"
(Той жа спадар: ) "Усе інтэлігентныя людзі, адукаваныя да гэтага паставіліся нармальна, нават ганарыцца можна было гэтым".
(Спадарыня: ) "Мне гэта спадабалася, таму што я лічу, што гэта наша гісторыя, што гэта наш сьцяг, наш герб".
(Іншая спадарыня: ) "Адмоўна. Таму што мне здаецца, што той сьцяг, які быў у БССР, чырвона-зялёны зь белым арнамэнтам, — гэта быў самы прыгожы сьцяг з усіх існуючых у сьвеце".
(Дзяўчына: ) "Бела-чырвоны сьцяг мне вельмі падабаўся. Не гаворачы ўжо пра герб "Пагоня".
(Спадарыня: ) "Нам, беларусам, трэба мець свой твар. А гэта нашыя знакі адрозьненьня, што мы сапраўды беларусы".
Бел-чырвона-белы сьцяг выклікае пераважна пазытыўныя асацыяцыі, хаця часам некаторыя ўзгадваюць і прапагандысцкія штампы.
(Дзяўчына: ) "Гэта нашыя старонкі гісторыі. Бела-чырвона-белы сьцяг — гэта тая павязка, якая была была ў нашага князя на галаве, калі ён быў паранены... І наогул гэта асацыюецца толькі зь перамогай, з самым лепшым, што было ў гісторыі Беларусі".
(Іншая дзяўчына: ) "Чырвоны колер — гэта колер крыві, а белы — гэта колер свабоды".
(Спадар: ) "Сымболіка краіны заўсёды асацыюецца з Бацькаўшчынай, з патрыятызмам чалавека. Я жыву з гэтай сымболікай, і нават калі буду паміраць, то буду паміраць менавіта з гэтай сымболікай".
У выніку апытаньняў можна зрабіць выснову, што большасьці маладых падабаецца бела-чырвона-белы сьцяг, многія сталыя людзі аддаюць перавагу чырвона-зялёнаму. Зьмена на рэфэрэндуме 1995 году дзяржаўнай сымболікі па-ранейшаму выклікае ў апытаных розныя пачуцьці:
(Спадар: ) "Сорамна".
(Карэспандэнт: ) "Вас не турбуе, што прапаганда гаворыць, што гэты сьцяг выкарыстоўваўся падчас вайны?"
(Той жа спадар: ) "Хай вас гэта не зьдзіўляе — не, ні ў якім разе. У адваротным выпадку многія сьцягі трэба было б забараняць ды здымаць. У гісторыі дзяржаваў усякае бывала, калі адзін і той жа сьцяг выкарыстоўваўся ў розных мэтах".
(Іншы спадар: ) "Ну, калі народ прагаласаваў, значыць, гэта было нармальна".
(Іншы спадар: ) "Мне бліжэй чырвона-зялёная сымболіка. Яна прыгажэйшая".
(Іншы спадар: ) "У 1995 годзе такі быў псыхалягічны момант ня вельмі прыемны. Я хачу згадаць нават такі прыклад жыцьцёвы. Мой сусед, студэнт, пасьля рэфэрэндуму выйшаў з пад'езду і сказаў: "Вось мая бабуля прагаласавала за гэтую новую сымболіку, таму я яе і глядзець ня буду". Відавочна, што гэта падзяліла беларускае грамадзтва. Хаця мне падаецца, што сымбалі не павінны падзяляць людзей, а наадварот — аб'ядноўваць".
Прапанову Ўладзімера Ганчарыка адмяніць забарону на выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі — каб больш не арыштоўвалі за бел-чырвона-белы сьцяг, большасьць апытаных падтрымлівае. Нават тыя, хто не жадае бачыць яе дзяржаўнай:
(Малады чалавек: ) "Мне шкада гэтых людзей, я ня бачу прычыны, чаму ўлады да іх ставяцца адмоўна".
(Спадарыня: ) "Так, напэўна іх ня варта зьбіваць і арыштоўваць. Напэўна, чалавек усё-такі мае права выказваць сваё меркаваньне. Але ўсё ж і тым, хто носіць бел-чырвоны-белы сьцяг, напэўна варта падумаць, што дзяржава — гэта дзяржава, і сымболіка ў яе павінна быць адзінай".
(Спадар: ) "Гэта няпраўда, іх не за гэта арыштоўваюць. І іх не арыштоўваюць, а затрымліваюць — гэта розныя рэчы".
(Малады чалавек: ) "На мой погляд, тут не ў сымболіцы справа".
Большасьць менчукоў, якіх я сёньня сустрэў на плошчы Незалежнасьці, была пад уражаньнем ад выніку нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў, але ўсё ж аптымістычна меркавала, што з часам бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" ўсё ж адновяць свой дзяржаўны статус:
(Спадар: ) "Безумоўна, пэрспэктыва ёсьць. Адно пытаньне: калі? Вось на гэтае пытаньне, мне здаецца, цяжка адказаць. Але, безумоўна, так і будзе".
(Спадарыня: ) "Калі-небудзь пры лепшым жыцьці нашая сымболіка вернецца. Спадзяюся".
(Дзяўчына: ) "Пасьля таго, як абралі зноў прэзыдэнта, дык мне здаецца, што напэўна ня будзе яна адноўленая, а застанецца чырвона-зялёная".
(Малады чалавек: ) "Трэба мяняць уладу — тады і сьцяг і ўсё астатняе пойдзе, як гаворыцца, да лепшага".
(Дзяўчына: ) "Ну, я думаю, што калі-небудзь будзе, калі будзе ў нас сапраўдны прэзыдэнт, урад і ўсё астатняе".
(Малады чалавек: ) "Павінна быць штосьці сваё, штосьці роднае, дзеля чаго варта жыць, варта змагацца, шанаваць сваю радзіму, сваю зямлю".
Гэтак казалі мінакі на сталічнай плошчы Незалежнасьці.