Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦА ПЭРЫЕЛУ ПАСАДЗЯЦЬ НА 5 ГАДОЎ У БЕЛАРУСКУЮ ТУРМУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аднак жа калегія Цэнтральнага суду Менску вырашыла даць амэрыканцу больш мяккае пакараньне — 5 гадоў і 3 месяцы турмы ўзмоцненага рэжыму. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць маёмасьць наркамана з ЗША. Віна Чарльза Пэрыелы, паводле суду, палягае ў распаўсюдзе наркотыкаў і ўцягваньнні ў іхнае ўжываньне іншых асобаў.

А перад прысудам Чарльз Пэрыела выступіў з апошнім словам. Гэта была прамова чалавека, які перажыў вельмі моцны ўдар лёсу і дагэтуль ня можа ачуняць.

(Пэрыела: ) "Я хачу, каб вы зразумелі, што я ўжо згубіў усё, і мая будучыня цяпер пад вялікім пытаньнем", — сказаў Пэрыела судзьдзям.

Ён паўтарыў прызнаньне ў тым, што парушыў закон, ужываючы наркотыкі, але, як ён заявіў, ня мог прадбачыць цяперашніх наступстваў. Не пагадзіўся Пэрыела з абвінавачаньнямі ва ўцягваньні іншых асобаў ва ўжываньне наркотыкаў.

Ён таксама не пакінуў без увагі загадкавых абставінаў, якія суправаджалі ягоную справу. У прыватнасьці, тое, што чалавек, які прыносіў Пэрыелу наркотыкі, так і ня быў затрыманы, хаця сьледчыя не маглі пра яго ня ведаць. "Гэта мне незразумела", — сказаў Пэрыела судзьдзям. Таксама амэрыканцу падаўся дзіўным розгалас, што мае ягоная справа.

(Пэрыела: ) "Празь дзень пасьля майго арышту ўвесь сьвет пра гэта ўжо ведаў. Я ня ведаю, як гэта зразумець. Калі б хто з прысутных такое зрабіў, гэта б ня выйшла за межы раёну ці краіны. А тут пра мой дрэнны ўчынак даведаліся ва ўсім сьвеце, толькі чаму такая ўвага — мне невядома", — дзівіўся падсудны.

Нагадаю, што прэсавая служба КГБ першай паведаміла пра затрыманьне грамадзяніна ЗША. Потым стала вядома, што беларускія спэцслужбы сачылі за амэрыканцам задоўга да ягонага арышту.

Адбываць пакараньне Чарльз Пэрыела будзе ў звычайнай беларускай калёніі, у якой — дакладна пакуль невядома. У Беларусі няма адмысловых турмаў ані для наркаманаў, ані для замежнікаў. Аднак прынята лічыць, што замежнікі не трапляюць у калёніі з рэпутацыяй вельмі жорсткіх і часьцей адбываюць пакараньне ў менскай калёніі УЖ-15/1.

Як і іншыя асуджаныя, што трапілі ў турму першы раз, Чарльз Пэрыела можа разьлічваць на амністыю альбо датэрміновае вызваленьне ў выпадку добрых паводзінаў.

Адвакат Алег Дубавец заявіў Радыё Свабода, што ягоны падабаронны з прысудам ня згодны і скарыстае права на апэляцыю. "У судзе высьветлілася, што сьведкі даўно курылі марыхуану, таму немагчыма казаць пра тое, што Пэрыела некага схіліў да ўжываньня наркотыкаў", — заявіў адвакат.

Апэляцыю пададуць цягам 10 дзён ў гарадзкі суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG