Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адзначылі ўгодкі беларускага кіно

Андрэй Кашперскі перад паказам
Андрэй Кашперскі перад паказам

17 сьнежня беларускаму кіно споўніўся 101 год, адзначаюць арганізатары. З гэтай нагоды яны вырашылі правесьці паказы ў сталіцы Польшчы, дзе вымушана апынуліся многія беларускія кінатворцы.

У Дзень беларускага кіно ў варшаўскім кінатэатры Amondo прайшоў адкрыты паказ новых работ аўтараў сэрыялу «Працэсы» і праекту «ЧынЧынЧэнэл» рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Кашперскага, сцэнарыста і кампазітара Міхаіла Зуя, прадусара і апэратара Ягора Яфімава. Каманда праекту паказала гледачам дзьве кароткамэтражныя прэм’еры: камэдыю «Сьвінгеры» і гіранічны хорар «Суд мёртвых».

На паказ прыйшло каля 150 чалавек, каб, у прыватнасьці, падтрымаць аўтараў і ў цэлым падтрымаць беларускае кіно.

У гонар Дня кіно аўтары зрабілі падарунак усім гледачам: кароткамэтражны фільм-жудзік «Суд мёртвых» з Зояй Белахвосьцік у галоўнай ролі апублікаваны ў адкрытым доступе на адзін месяц.

Кадр з аднаго з фільмаў
Кадр з аднаго з фільмаў

Аб праектах

«Сьвінгеры» (першая сэрыя) — жыцьцёвая камэдыя «пра ўсіх нас», якая выкарыстоўвае правакацыйную тэму сэксу, каб расказаць гісторыю аб тым, як складана дарослым людзям дамовіцца і наважыцца на зьдзяйсьненьне сваіх сапраўдных жаданьняў.

Кадр з стужкі
Кадр з стужкі

«Суд мёртвых» — гіранічны жудзік, натхнёны рэальным беларускім законам 2023 году, які дазваляе праводзіць суды над памерлымі ў Беларусі. У фільме мерцьвякі літаральна паўстаюць, каб перасьледаваць судзьдзю ў выглядзе зданяў. Фільм удзельнічаў у васьмі міжнародных кінафэстывалях, у прыватнасьці на самым вялікім хорар-фэстывалі ў Мэксіцы — MACABRO, і выйграў галоўную ўзнагароду на кінафэстывалі Northern Lights Film Festival 2025 (Паўночнае Зьзяньне 2025). Цяпер каманда працуе над стварэньнем поўнамэтражнай вэрсіі.

Рэжысэр Андрэй Кашперскі пракамэнтаваў праекты:

«Беларускае кіно, як пэрсанажы нашага фільму „Суд мёртвых“ — яго хаваюць, а яно паўстае зь мёртвых і прыходзіць да сваіх гледачоў у выглядзе прывіда. Нас, беларускіх кінематаграфістаў, не пахаваць! Мары Тамковіч „Пад шэрым небам“ на HBO і эўрапейскім Оскары, ці фільм Юрыя Сямашкі „Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава“ на Бэрлінале — таму яскравыя доказы!»

Андрэй Кашперскі
Андрэй Кашперскі

Фільм «Суд мёртвых» даступны для прагляду на працягу месяца (да 17 студзеня) па спасылцы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG