Па дазвол на правядзеньне ў Менску мітынгу Фэдэрацыя прафсаюзаў зьвярнуўлася ў гарвыканкам тры тыдні таму. Сярод магчымых месцаў правядзеньня мітынгу ў заяве называлі плошчы Свабоды, Парыскай камуны, Кастрычніцкую, Юбілейную ды парк імя 50-годзьдзя Кастрычніка, што паблізу стадыёну “Трактар”.
Арганізатары акцыі асабліва настойвалі, каб Менгарвыканкам выключыў з разгляду парк Дружбы народаў, што каля плошчы Бангалёр. Пра сёньняшняе рашэньне Менгарвыканкаму, нашаму радыё распавёў намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікалай Беланоўскі:
(Беланоўскі: ) "Разгляд праходзіў фармальна. Шмат было размоваў пра сытуацыю, пра тое, чаго мы выходзім. Але ж мы разумелі, што рашэньне прымалі не на гэтым узроўні, таму й далі плошчу Бангалёр".
(Карэспандэнт: ) "Ці пратэставалі вы на паседжаньні гарвыканкаму супраць такога рашэньня?"
(Беланоўскі: ) "Вядома, мы прыводзілі свае аргумэнты. Гарвыканкам ня можа нас пераканаць, што нельга даць тую ж плошчу Парыскай камуны ці месца ў парку 50-годзьдзя Кастрычніку. Але ж ведаеце, калі рашэньне прымаюць ня тут, ніякія аргумэнты не дапамогуць".
Гэтае рашэньне Менгарвыканкаму можа справакаваць у прафсаюзным асяродку раскол. Рэч у тым, што частка прафсаюзных дзеячоў лічыць, што акцыю пратэсту варта праводзіць у любым месцы й пры любых умовах.
Гаворыць старшыня рэспубліканскага прафсаюзу працаўнікоў энэргетыкі, электратэхнічнай ды паліўнай прамысловасьці Галіна Южаніна:
(Южаніна: ) "Я лічу, што адкладаць няма як. Намер прафсаюзаў правесьці гэтую акцыю выклікаў неадэкватную рэакцыю ўладаў і наймальнікаў. Замест таго, каб займацца вытворчымі справамі, многія зь іх высьвятлялі дачыненьні з прафсаюзамі, і гэта адмоўна ўплывала на настроі ў працоўных калектывах.
Перанесьці акцыю на больш позьні тэрмін — гэта можа ўзмацніць такія настроі. Таму, калі намецілі, дык варта праводзіць", — лічыць лідэр галіновага прафсаюзу Галіна Южаніна.
Але ці будзе мітынг масавым? Менавіта гэта трывожыць сёньня другую частку прафсаюзныха дзеячоў. Уціск адміністрацыі на прадпрыемствах спрычыніўся да росту разгубленасьці ў шэрагах сяброў Фэдэрацыі.
Найперш гэта тычыцца прафсаюзных актывістаў працоўных калектываў. Ці выйдуць на прафсаюзную акцыю рабочыя, напрыклад, менскага заводу “Тэрмапласт”?
З такім пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні прафкаму гэтага прадпрыемства Мікалая Хрушчова:
(Хрушчоў: ) "Калі шчыра, дык я сумняюся. Гэтую акцыю ладзіць зараз Фэдэрацыя прафсаюзаў. Але акцыі праводзіліся й дагэтуль —толькі Асацыяцыяй прафсаюзаў прамысловасьці. Дык вось, такія мерапрыемствы, мне здаецца, працаўнікам радыёэлектронікі ўжо надакучылі".
Паводле зьвестак Мікалая Беланоўскага, на 9 лютага заплянавалі нечарговае паседжаньне Прэыдыюму Фэдэрацыі, дзе й вырашаць канчаткова пытаньне наконт прафсаюзнай акцыі.