Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАТУС БЕЛАРУСІ Ў ПАРЭ МОЖА ЗЬМЯНІЦЦА ТОЛЬКІ ПАСЬЛЯ ВЫБАРАЎ


Уладзімер Глод, Старсбург

Галоўнай сёньня, безумоўна, была размова з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы лёрдам Рассэлам Джонсанам. Ён пацьвердзіў, што Ўладзімер Канаплёў, кіраўнік так званай “палаты прадстаўнікоў” чарговы раз перадаў заяўку Беларусі аб вяртаньні ёй прыпыненага статусу адмыслова запрошанага. Які магчымы лёс гэтай заяўкі? Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Яна будзе запушчаная згодна з працэдурай, але пэрспэктываў таго, што будзе зьмененае рашэньне аб прыпыненьні статусу спэцыяльна запрошанага для Беларусі, няма – яно нават не стаіць і парадку дня. Статус можа быць перагледжаны толькі пасьля таго, як у Беларусі пройдуць дэмакратычныя, свабодныя прэзыдэнцкія выбары, і Рассэл Джонсан гэта пацьвердзіў. Такую ж пазыцыю выказаў і гэнеральны сакратар Рады Эўропы спадар Вальтэр Швіммэр, зь якім мы таксама сутракаліся сёньня. Яго вельмі цікавіла сытуацыя ў Беларусі, у тым ліку лёс зьніклых палітыкаў і жураналіста Завадзкага”.

Сказаў Анатоль Лябедзька. Як стала вядома, так званая “тройка” наведае Менск з 5 па 7 сакавіка сёлета.

Вынікам сёньняшніх перамоваў стала і адмысловая рэзалюцыя па беларускай сытуацыі, якую сумесна прынялі дзьве фракцыі Парлямэнцкай асамблеі – эўарпейскіх дэмакратаў і лібэральных дэмакратаў. У гэтых фракцыях прадстаўленыя парлямэнты ўсіх краінаў Рады Эўропы. Дакумэнт гэты даволі жорсткі. У ім падкрэсьліваецца, што “палата прадстаўнікоў” не зьяўляецца легітымным парлямэнтам Беларусі, што Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ёсьць апошні легітымны парлямэнт каріны. Магчыма, што да рэзалюцыі яшчэ далучацца фракцыі народнікаў і сацыял-дэмакртаў.

А зараз пра тое, што прадстаўляла ў Страсбургу беларуская апазыцыя. У гэтым пытаньні было даволі шмат блытаніны. І таму я папрасіў у Палітычным камітэце адмысловую даведку. Вось што ў ёй значыцца: Міхаіл Чыгір – былы прэм’ер, прадстаўнік камітэту Выбары-2001; Анатоль Лябедзька – старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі; Валянціна Палевікова – старшыня Беларускай жаночай партыі “Надзея”. Дарэчы, Палевікова і Чыгір зьехалі са Страсбургу сёньня яшчэ а пятай гадзіне раніцы, і таму ўсёй кулюарнай працай сёньня вымушаны быў займацца Анатоль Лябедзька, разам са сваім намесьнікам па партыі Яраславам Раманчуком, які знаходзіцца тут на запрашэньне фракцыі лібэральных дэмакратаў.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG