Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

У Менску завяршыўся саміт кіраўнікоў краінаў СНД. Галоўным яго вынікам стала фармаваньне Антытэрарыстычнага цэнтру краінаў Садружнасьці. Прэзыдэнты краінаў СНД таксама прызналі дэмакратычнымі нядаўнія выбары прэзыдэнта ў Кыргыстане ды парлямэнтаў у Азэрбайджане й Беларусі…

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, падводзячы вынікі саміту, зазначыў, што дасягнутая агульная дамоўленасьць "на працяг курсу на паглыбленьне ўзаемадзеяньня" краінаў СНД, і перш за усё ў пытаньнях супольнае барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам. Дзеля гэтага й было зацьверджана палажэньне пра Антытэрарыстычны цэнтар СНД, а таксама ўхваленае рашэньне падоўжыць мандат міратворчых сілаў СНД ў Абхазіі яшчэ на паўгады.

Зусім нечакана Ўладзімер Пуцін ад імя ўсіх прэзыдэнтаў СНД заявіў, што яны пацьвярджаюць "на падставе зьвестак ад сваіх назіральнікаў" "дэмакратычны характар выбараў" прэзыдэнта Кыргыстана, парлямэнтаў Азэрбайджана ды Беларусі.

Кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў зазначыў, што хоць Антытэрарыстычны цэнтар існуе ўжо пяць месяцаў, але ў Цэнтральнай Азіі не адчулі вынікаў ягонае дзейнасьці. На думку Назарбаева трэба стварыць філіялы цэнтру ў Цэнтральнай Азіі ды на Каўказе. Відавочна, што цэнтар з 60 супрацоўнікамі з Масквы шмат ня зможа дапамагчы ў барацьбе з тэрарызмам ва ўсіх краінах СНД.

Прынята было таксама яшчэ некалькі пагадненьняў — пра супрацьдзеяньне легалізацыі незаконна атрыманых даходаў, пра скасаваньне нядзейных дамоваў і рашэньняў у рамках СНД ды іншыя. Але, відаць, больш цікавымі былі двухбаковыя сустрэчы паміж кіраўнікамі дзяржаваў.

У прыватнасьці, расейскі ды ўкраінскі прэзыдэнты дасягнулі пасьля 5-гадзінных перамоваў кампраміснага рашэньня пра рэструктурызацыю ўкраінскае запазычанасьці за газ, пра забесьпячэньне патрэбаў Украіны ў газе ды бясьпекі яго транзыту праз тэрыторыю Ўкраіны у Эўропу. "Усе гэтыя рашэньні дазваляюць нам з упэўненасьцю глядзець у заўтрашні дзень. Мы вырашылі гэтую праблему раз і назаўсёды", — зазначыў Леанід Кучма.

Уладзімер Пуцін таксама быў упэўнены ў пасьпяховасьці новых дамоўленасьцяў:

"Для нас гэта таксама вельмі важна. Расея ды Ўкраіна могуць як незалежныя і самастойныя партнэры ўдзельнічаць у буйных эўрапейскіх энэргетычных праектах. Расея як пастаўшчык прадукта, а Ўкраіна як дзяржава, што прадстаўляе транспартныя магчымасьці", — заявіў Уладзімер Пуцін.

Ён прызнаў, што пасьля гэтых дамоўленасьцяў ніхто ня зможа абвінавачваць Украіну ў тым, што яна як начны злодзей мяхамі выносіць расейскі газ… Аптымістычныя заявы пра ўрэгуляваньне самае складанае праблемы ў расейска-ўкраінскіх стасунках мусяць прыбавіць пэсымізму беларускаму кіраўніцтву, якое спадзяецца на хуткую рэалізацыю новых газавых праектаў у Беларусі.

Менск, паводле словаў Пуціна ды Кучмы, стаў добрым месцам для разьвіцьця ўкраінска-расейкіх стасункаў. А вось з Грузіяй Расеі адносна ўвядзеньня візавага рэжыму кампрамісу дасягнуць не ўдалося. Эдуард Шэварнадзе выказаў сваё расчараваньне, што Грузія стане адзінай краінаю, якая будзе мець візавы рэжым з Расеяй. Праўда, Уладзімер Пуцін абяцаў, што Расея зможа адкрыць консульскія пункты ў могіх грузінскіх гарадох і што ў прынцыпе візы — гэта часовая зьява, абумоўленая неабходнасьцю барацьбы з тэрарызмам.

Прэзыдэнты краінаў СНД зьвярнуліся да краінаў Эўразьвязу з заклікам падтрымаць Украіну ў яе імкненьні зачыніць ЧАЭС і выканаць ухвалены імі Мэмарандум 95-га году. "Калі гэты мэмарандум будзе выкананы, — зазначыў Леанід Кучма, — Украіне ня будзе патрэбы зьвяртацца па дапамогу да краінаў СНД".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG