Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 лістапада 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 4 лістапада)
Зінаіда Ганчар пакуль не атрымала ніякага адказу на свой ліст да патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта.
Жонцы дэпутата Андрэя Клімава Тацяне прадастаўлена першае доўгатэрміновае спатканьне з мужам.
Васіль Старавойтаў камэнтуе нядаўнія выбыра ў лукашэнкавы парлямэнт.

Жонка зьніклага больш за год таму намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар дагэтуль не атрымала адказу на свой ліст да патрыяршага экзарха Беларусі Філарэта. Ліст быў адпраўлены на мінулым тыдні і, паводле паштовага паведамленьня, патрапіў адрасату 30 кастрычніка.

"Ня так і шмат, я і не разьлічвала, што яны хутка адкажуць, там жа таксама канцылярыя, якая жыве па аднолькавых законах", — пракамэнтавала адсутнасьць адказу Зінаіда Ганчар.

У сваім лісьце да ўладыкі Філарэта яна просіць паспрыяць пошукам мужа Віктара Ганчара. Зінаіда Ганчар расчаравалася ў шчырасьці прадстаўнікоў уладных, ды і апазыцыйных структураў, якія, на яе думку, толькі робяць выгляд, што займаюцца пошукамі зьніклых палітыкаў. Жанчына спадзяецца, што ўмяшаньне аўтарытэтных дзеячоў рэлігіі ў гэтую справу надасьць ёй новы імпульс. Як кажуць, дай та Бог. Мы таксама чакаем, чым адкажа Зінаідзе Ганчар уладыка Філарэт.

Нагадаю, гэтак жа безвынікова ідуць (быццам бы ідуць) пошукі зьніклых Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага і Юрыя Захаранкі.

Цяпер пра справы вязьняў. Тых, хто яшчэ за кратамі, і хто ўжо на волі. Жонка Андрэя Клімава Тацяна гэтыя дні — пятніцу, суботу й нядзелю праводзіць у турме разам з мужам. Клімавы атрымалі гэтак званае доўгатэрміновае спатканьне — першае за час зьняволеньня Андрэя. Нарэшце лёс падарыў гэтым людзям тры дні цеплыні за тры гады турэмнага холаду й самоты, пад час якіх яны зрэдку абменьваліся толькі лістамі ці размоваю праз шкло. Спадзяемся, спатканьне будзе ўдалым і падорыць абодвум сілаў пратрымацца да часу, пакуль былы дэпутат выйдзе на волю.

Пра гэты салодкі момант волі марыць і другі вязень менскае калёніі, таксама дэпутат Уладзімер Кудзінаў. Аднак, паводле словаў ягонае жонкі Зоі, не забываецца ў калёніі і пра палітыку. Вось якімі назіраньнямі адносна прагнозаў Уладзімера на выбары падзялілася Зоя.

(Кудзінава: ) "Я скажу, што прагнозы яго спраўдзіліся і наконт выбараў. Ён мне пісаў, што думае, што на выбарах адбудзецца раскол у апазыцыі, што і здарылася. Выбары, пісаў ён, будуць сфальсіфікаваныя. Наконт прызнаньня, дык ён яшчэ пад час спатканьня з прадстаўнікамі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ казаў ім, што калі выбары прызнаюць, дык гэта будзе легітымізацыя ўсіх дамоўленасьцяў з Расеяй, і Беларусь з мапы наогул можна будзе прыбраць. Але, дзякуй Богу, міжнародная супольнасьць не прызнала гэтыя выбары".

Казала Зоя Кудзінава.

Я зьдзівіўся, як такія крамольныя рэчы прапускае турэмная цэнзура? Зоя Кудзінава патлумачыла, што лісты сапраўды даходзяць без купюраў, калі даходзяць увогуле, бо частка лістоў бясьсьледна зьнікла. А яшчэ ім вядома, што копіі з усіх лістоў Кудзінава здымаюцца й падшываюцца ў адмысловую тэчку, заведзеную на дэпутата. Калі-небудзь, калі турэмныя архівы сёньняшніх дзён адчыняць, гэтыя лісты мажліва будзе прачытаць.

Васіль Лявонаў па-ранейшаму ў Маскве, лечыцца ў адным з шпіталёў. Дачка экс-міністра сельскае гаспадаркі, які адседзеў у беларускіх турмах тры гады, кажа, што са шпіталя бацька плянуе выйсьці недзе напрыканцы лістападу.

Адклаў лячэньне ў Менску Васіль Старавойтаў, які пасьля адсідкі таксама ўсё ніяк не паправіць здароўе. З Васілём Старавойтавым удалося абмеркаваць па тэлефоне нядаўнія выбары ў лукашэнкавы "парлямэнт". Былы старшыня "Расьвету" на выбары, аказваецца, хадзіў, ён лічыць, што ўдзельнічаць у гэтай справе было варта хаця б дзеля таго, каб прадэманстраваць сваё стаўленьне да кандыдатаў, якіх прапанавала народу ўлада. Ён гэтае стаўленьне прадэманстраваў, але як — не ўдакладніў.

У Мышкавічах, сядзібе славутага "Расьвету", паводле Старавойтава, галасавала блізу 70 адсоткаў жыхароў. Былі й тыя, хто не хадзілі на выбары прынцыпова. Іхную пазыцыю былы старшыня тлумачыць наступным чынам:

"Некаторыя не пайшлі, таму што ня вераць у справядлівасьць выбараў. Я падзяляю і такі пункт гледжаньня на гэтыя выбары. А некаторыя даўно расчараваліся ў розных выбарах і ня ходзяць на іх увогуле, а не каб нешта прадэманстраваць уладзе.

Я так скажу — які б працэнт ня быў на выбарах, намалявалі гэты працэнт ці не намалявалі, усё роўна жыцьцё не падманеш. Няма за што быць удзячным гэтай уладзе. Галоўнае ж — эканоміка, жыцьцё, а яно ня лепш, а горш, і гэта ўсе бачаць", — камэнтаваў нядаўнія выбары былы старшыня "Расьвету" Васіль Лявонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG