Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Менская міліцыя працягвае паляваньне на трох арганізатараў "Маршу Свабоды – 3", якіх хочуць прыцягнуць да адказнасьці за заклікі да байкоту выбараў. Станіслаў Шушкевіч ды Вінцук Вячорка, ля кватэраў якіх учора дзяжурылі міліцэйскія машыны, пакуль міліцыіянтам ня трапіліcя, а вось Людміла Гразнова ўжо атрымала позву ў суд.

Учора Станіслаў Шушкевіч, нягледзечы на міліцэйскую аблогу сваёй кватэры, вырашыў пераначаваць менавіта там. Гэта здарылася пасьля таго, як былы кіраўнік дзяржавы пабыў на прыёме ў нямецкай амбасадзе, дзе сустрэў лідэра партыі БНФ Вінцука Вячорку (яго таксама шукае міліцыя) ды Ганса-Георга Віка, якога паінфармавалі пра перасьлед уладамі тых, хто выступаў на мітынгу ў нядзелю.

Ураніцу спадару Шушкевічу зноў хацелі прымусова ўручыць позву ў суд, але ён ускочыў у машыну ды паехаў на паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Іншы дэпутат Вярхоўнага Савету — Людміла Гразнова — не супраціўлялася міліцыі ды атрымала позву. Трэці арганізатар "Маршу Свабоды" — Вінцук Вячорка — пра выпадак са спадарыняй Гразновай даведаўся ад нашага Радыё…

(Вячорка: ) "Не, я пра гэта ня ведаў яшчэ, але я хацеў бы пракамэнтаваць сам падыход да ўручэньня позваў і судаводзтва ў лукашэнкаўскай Беларусі ў перадвыбарчай сытуацыі. Мне здаецца абсалютна абуральным, што спосаб уручэньня позваў – начныя ламаньні, патруляваньне пад'ездаў і т.д. – ажыцьцяўляецца з максымальным прыніжэньнем асобаў, каму такія позвы маюць быць уручаныя, і з парушэньнем заканадаўства. Калі я даведваюся, што да мяне ў дом спрабуюць уламацца нейкія людзі ў чатыры гадзіны начы, я ведаю, што гэта груба супярэчыць заканадаўству і элемэнтарнай прыстойнасьці".

Гэта быў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Усе спробы высьветліць у менскай міліцыі, чаму нехта вырашыў распачаць перасьлед вядомых палітыкаў, былі марнымі. Намесьнік начальніка гарадзкое ўправы ўнутраных справаў Сяргей Саланец, які суправаджаў калёну "Маршу Свабоды", сказаў мне сёньня па тэлефоне:

(Саланец: ) "Я ні да Шушкевіча, ні да Хадыкі па Маршы Свабоды прэтэнзіяў ня маю. Нехта прыкрываецца нашым імем… Маё прозьвішча Саланец, Вы размаўляеце з Саланцом. Я адказваю за сябе, а не за некага…"

Палкоўнік Саланец параіў зьвярнуцца яшчэ і ў Савецкі РАУС. Але на службовых тэлефонах Савецкае раённае ўправы ўнутраных справаў усталяваныя аўтаматычныя вызначальнікі нумароў, і там, відаць, адказваюць толькі на патрэбныя ім тэлефанаваньні…

Аднак спадар Вячорка наўпрост зьвязвае міліцэйскае паляваньне на знакамітых прыхільнікаў байкоту выбараў зь іхнымі прамовамі на мітынгу пасьля нядзельнае дэманстрацыі.

(Вячорка: ) "Тое, што нас пачынаюць перасьледаваць за Марш Свабоды і за выказваньне на ім нашых поглядаў на выбарчы фарс, яшчэ раз, чарговы раз, для нас даўно дастаткова, і, я спадзяюся, дастаткова для міжнародных структураў, даказвае, што ў Беларусі няма свабоды наагул і свабоды агітацыі за байкот у прыватнасьці".

Заявіў спадар Вячорка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG