Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гальшанскія прывіды


Вячаслаў Ракiцкi

(эфір 28 Верасьня 2000 г.)

Удзельніца: Часлава Акулевіч.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) "Апошнім разам я быў у Гальшанах 9 гадоў таму. Тады я рабіў публіцыстычную праграму пра занядбанасьць архітэктурных помнікаў XVI–XVIII стагодзьдзяў. Гэтым разам я прыехаў сюды па рамантыку.

Гальшаны я ўбачым ранейшымі. Тыя ж зычлівыя людзі, што размаўляюць цудоўнай беларускай моваю, тыя ж руіны замку.:Праўда, ужо няма калюжынаў з гною, што сьцякаў са сьвінарніку.

Той жа велічны касьцёл францысканаў, хоць па-ранейшаму і ў рыштаваньнях. Былыя гэбрайскія кварталы, стары драўляны млын, пастарэў лес на гарадзішчы і, нарэшце, кляштар, па галярэях і скляпеньнях якога нас правядзе мая даўняя знаёмая, дырэктарка Гальшанскае філіі Нацыянальнага музэю Беларусі, Часлава Акулевіч. Яна ведала й пра мэту маёй вандроўкі — "Гальшанскія прывіды". Слава пра якіх ужо даўна разыйшлася па краіне…

А як сама, цяперашняя гаспадыня кляштару, Часлава Акулевіч, ставіцца да жахаў, што тут нібыта ці сапраўды адбываюцца?"

(Акулевіч: ) "Стаўлюся калі з даверам, а другі раз з усьмешкаю і з гумарам, але застацца адной у гэтым памяшканьні я не рызыкну…"

(Ракіцкі: ) "Своеасаблівымі ўводзінамі ў таямнічую атмасфэру будынку Часлава й распачала нашую двухдзённую вандроўку па галярэях і скляпеньнях былога кляштару, першы паверх якога стаў цяпер музэям. Мы спыняемся ля абломку старадаўняе скульптуры…"

(Акулевіч: ) "Я даручаю Вам падыйсьці да гэтага фрагмэнта скульптуры. Маніпулюйце рукамі. Што адчуваеце?"

(Ракіцкі: ) "Зводзіць пальцы крыху. А калі ніжэй праводжу рукі, дык яны як бы саграюцца. Дык што б гэта значыла?"

(Акулевіч: ) "Напэўна, мы пачнем размову з самага пачатку. Гэты будынак — Францысканскі кляштар. Пабудаваны й дораны ён гальшанцам у 1618 годзе, падканцлерам ВКЛ, Паўлам Стэфанам Сапегам. Вельмі цікавыя легенды зьвязаныя з гэтым будынкам.

Неяк Павал Сапега зьявіўся пад час будоўлі кляштару. Аглядзеўся — усё спадабалася. Але раптам адна са сьценаў будынка абвалілася. Князь паківаў галавой і сказаў: "Есьць яшчэ час паправіць гэтую сьцяну". Зноў прыходзіць князь на будоўлю і зноў гісторыя паўтарылася. Раззлаваўся князь і сказаў працаўнікам: "Калі вы ў час ня зробіце будынак, дык за ўсе гады будаваньня не атрымаеце свайго срэбра".

І сабраўся сход будаўнікоў, і раптам адчулі яны, што якісьці богі ці духі патрабуюць ад іх ахвяры. І сталі яны думаць, што самае дарагое аддаць у ахвяру. І вырашылі яны, што першая з жанок, якая прынясе ежу, будзе замураваная ў гэтую сьцяну. Пачуў пра гэта малады хлопец, які толькі-толькі ажаніўся, паў на калені й стаў маліць бога, каб толькі не ягоная жонка прынесла абед першай.

Але ж менавіта так надарылася. І яе, ні ў чым не павінную, замуравалі ў гэтую злашчасную сьцяну.

Прайшлі стагодзьдзі, разваліўся замак князёў Сапегаў і толькі моцна стаць будынак кляштару, таму што душа маладой жанчыны па-сёньняшні дзень ня можа змірыцца з той несправядлівасьцю, і часта можна чуць у гэтым будыку чыесьці бягучыя лёгкія крокі, цяжкія ўздыхі, якія разносяцца ня ведама зь якога кутку памяшканьня. А каму-некаму нават відзеўся лік гэтае плывучае жанчыны".

(Ракіцкі: ) "Мы падыйшлі да скляпеньня, стаўшы на гнуткі насьціл, зазірнулі і ўбачылі, што ў скрынках косьці. Магчыма і той маладзіцы косьці таксама тут ляжаць. Ця ня мела ў нашыя дні тая легенда працягу?"

(Акулевіч: ) "Вяліся ачышчальныя работы ў суседняй галярэі і чысьцілі там скляпеньні. Я падыйшла да рэстаўратараў і сказала, калі яны знойдуць ці цьвіг, ці гузік, а мо яшчэ што, то каб несьлі ў музэй. Праходзіць пэўны час, я заходжу ў свой пакойчык і бачу, стаіць скрыначка. Адкрываю яе, бачу — чалавечыя косьці, чэрап. Прыходжу да хлопцаў, а яны на поўным сур'ёзе кажуць: "Эти кости невинно убиенной особы". Дайшлі яны ў сваім ачышчальным парыве да XVI стагодзьдзя і натыкнуліся на гэтыя чалавечыя астанкі.

Яны ляжалі незвычайна — ногі знаходзіліся пад сьцяною, тулава разьвернута да цэнтру памяшканьня, рукі раскінутыя ў розныя бакі, адна нага закінутая на другую і што характэрна, усе зубы былі на месцы. Відавочна, што асоба была маладая і што яна нібы вывалілася са сьцяны. Памятаючы пра легенду, гэтыя будаўнікі прынесьлі мне косьці ў падарунак".

(Ракіцкі: ) "Гэта як раз і ёсьць тая маладзіца, якую замуравалі ў сьцяну?"

(Акулевіч: ) "У Сярэднявеччы гэта практыкавалася. Рыцары таксама былі замураваныя ў Гальшанскім замку. Пад час раскопак знайшлі рыцарскія дасьпехі й груду касьцей, замураваныя ў аднэй са сьценаў.

…Штосьці пачало рабіцца ў гэтым будынку. На тым месцы, дзе знайшлі вось гэтыя парэшткі, арка, якая падтрымлівала столь гэтых скляпеньняў, дае трэшчыну. Трэшчыну такое моцнае сілы, што яна перакінулася на кут вось гэтае сьцяны і пайшла ўздоўж усяго кляштару".

(Ракіцкі: ) "Вось Вы захавалі парэшткі гэтае маладзіцы. Ці не здараліся якія-небудзь выпадкі з бачаньнем гэтага прывіду там, каля могілак?"

(Акулевіч: ) "Я баялася гэтага пытаньня і заўжды баюся. Самае страшнае ў тым, што калі мы заўважылі гэтыя "страшылкі" ў нашым памяшканьні, а раней не заўважалі, дык мы ўсур'ёз задумаліся: "Адкуль гэтае пачалося?" І гэтае пачалося як раз пасьля таго, як я з дапамогаю дзьвюх хлопцаў перанесла гэтыя костачкі на могілкі. І самае страшнае, што калі мы захацелі назад вярнуць гэтыя косьці ў скляпеньне, дык неўзабаве памёр адзін хлопец, а праз паўгода — другі. Магчыма гэта супадзеньне, але мы ня ведаем, дзе захаваныя яе парэшткі, каб паставіць крыж на яе магіле і правесьці адпяваньне…

А зараз, напэўна, я запрашу Вас ў выстаўную залю, бо тут атрымліваюцца заўжды накладкі з гукам. Памятаю апошні раз нас здымалі, дык толькі праз 12 дубляў у іх усё атрымалася".

(Ракіцкі: ) "Прафэсіяналы з тэлевізіі чым гэта тлумачылі?"

(Акулевіч: ) "У апэратара, пакуль ня выцягнуў крыж і не павесіў яго паверх кашулі, нічога не атрымлівалася".

(Ракіцкі: ) "Мне сталася цікава. А з самой спадарыняй Чаславай ці здараліся дзівосныя выпадкі?"

(Акулевіч: ) "Быў у мяне такі жахлівы выпадак. Неяк я засталася адна ў памяшканьні й вырашыла праверыць, ці выключана далей сьвятло. Было ўжо цёмна на вуліцы. Аказалася ўсё, што можна было б уключыць — было ўключана. Я злая іду, выключаю сьвятло, падыходжу да аднаго пакойчыка і толькі набліжаюся да выключальніка, як бачу, чыясьці рука ў мяне на вачох шчоўкае ім за мяне. Дзервянеюць ногі, і як бы губляецца памяць. Апрытомніла я на вуліцы ад холоду. Гляджу на будынак – не заўважаю ніводнага агеньчыка. Страх быў такі, што не перадаць.

Потым, аналізуючы гэты выпадак, я вырашыла, што ў гэты момант проста адключылі электрычнасць над Гальшанамі. Перахварэла я гэтым выпадкам, вырашыла, што я ператамілася. Праходзіць нейкі час. Да нас у выправу прыяжджаюць архітэктары, гісторыкі, архэолягі — і захварэў адзін з выпраўнікаў. Назаўтра прыходзім, а наш хворы, выцягнуўшы ложак, сьпіць у халодным пакоі.

Потым неяк прыехаў намесьнік дырэктара ў справе будаўніцтва. Пераначаваў у тым пакоі, а пасьля сказаў: "Калі я яшчэ раз тут пераначую, дык лічыце мяне ідыётам". Цэлую ночь яму было так цяжка — ён хадзіў па пэрымэтру пакоя, шукаў выйсьце, шукаў выключальнік. Расказвае: "Прачнуўся я ўранку на каленях, а галава мая ляжала на падушцы". Я ў парадку гумару й кажу: "Ну, напэўна, з прарабам крыху выпілі…" А ён, малады хлопец, на поўным сур'ёзе мне кажа: "А Вы памятаеце, што, будучы хворым, ложак выцягваў у другі пакой?.." Далей ён распавядае, што траціць адчуваньне гравітацыі, кажа, што пачынае плаваць у пакоі, можа перавярнуцца як касманаўт. Дарэчы, я зараз адвяду Вас у той пакой".

(Ракіцкі: ) "Цікава, а якую функцыю раней выконвала гэтае памяшканьне?"

(Акулевіч: ) "Гэта адна з загадак. Калі будаваўся пакой, дык было дзьве такія вежы. Тут столькі кутоў, што нават цяжка зьлічыць. Вэрсіяў некалькі. Напрыклад, адзін наведвальнік, калі падыйшоў да гэтых дзьвярэй, паў на калені і пачаў маліцца. Стаў прасіць Бога, каб Той даў здароўя людзям, якія тут працуюць. Маліўся за душы тых, хто тут раней жыў… Ён бярэ мяне за руку і кажа: "Толькі я падыйшоў да гэтага памяшканьня, як нехта стукнуў мяне пад калені, я ўпаў і ўбачыў вось у гэтых нішах два крыжы. І я ня мог не памаліцца". Гэта наводзіць на думку, што хутчэй за ўсё пры кляштары гэта была малельня".

(Ракіцкі: ) "Гэтую былую малельню Вы называеце "пакойчыкам прывідаў". Наколькі мне вядома, шмат цікаўных людзей, якія сюды прыяжджаюць, просяцца тут пераначаваць. Як часта яны дзеляцца з Вамі сваімі ўражаньнямі?"

(Акулевіч: ) "Дзьве дзяўчыны, журналісткі, хацелі пераначаваць у гэтым пакойчыку. У першую ночь яны нічога незвычайнага не заўважылі. Пасьля другое ночы я іду ўраніцу на працу, гляджу, а яны чакаюць мяне ля ўваходу ў музэй. Расказвала Наташа, што Люба, якая спала на ложку, адразу заснула. Яна ж прылегла на падлогу ў спальны мех.

Раптам, убачыла цень, якая пачыла разгойдвацца. Калі яна дабралася да акна, дык Наташа пабачыла на гэтай цені як бы намаляваны сілуэт жанчыны з высокай худзенькай шыяй, з тлеўшымі сукнамі. Гэтая жанчына стала праходзіць праз акно на вуліцу, а потым вяртацца ў памяшканьне. Потым цень пачала як бы біцца аб сьпінку ложка, на якім спала Люба. Наташа адчула такі страх, што як дзіцё схавалася ў спальны мех і адвярнулася ад гэтага прывіду.

Раптам яна чуе, што хтосьці енчыць. Ускоквае, аглядаецца на Любу і бачыць, што тая сядзіць на ложку і, плачучы, прыгаворвае: "Куды ты мяне завезла, як табе ня сорамна, навошта ты мяне кінула ноччу, чаму не заўважыла, што я была паралізаваная?" Здавалася, што на яе накатваліся вялізныя хвалі. Люба казала, што адбівалася ад іх не рукамі, бо не магла варухнуцца, а адбівалася душою".

(Ракіцкі: ) "Як лепш нам падрыхтавацца да сну ў гэтым пакоі? Ці ёсьць ужо нейкія парады?"

(Акулевіч: ) "Калі Вы хочаце штосьці адчуць, пабачыць, дык Вам трэба заснуць…"

Вячаслаў Ракіцкі

[ працяг ]

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG