(Эфір 27 ліпеня)
Дзясятыя ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту Гомельская гарадзкая арганізацыя БНФ «Адраджэньне» адзначыла выпускам віншавальных улётак. Ва ўлётках, прысьвечаных знамянальнай падзеі ў айчыннай гісторыі, згадваецца, што Дэклярацыя сувэрэнітэту пацьвердзіла жаданьне народу яшчэ з часу старажытнага Полацку мець сваю дзяржаву, свой надзейны, утульны й прыгожы Дом. І менавіта незалежнасьць вызначае здольнасьць краіны адстойваць эканамічныя, палітычныя і культурныя інтарэсы сваіх грамадзянаў. «На вялікі жаль, у нас такога не адбываецца», – сказана ва ўлётках гомельскай арганізацыі БНФ «Адраджэньне». І далей: «Грамадзянін Лукашэнка і ягоныя памагатыя гандлююць нацыянальнымі інтарэсамі на карысьць крамлёўскіх палітыкаў.
Нам не патрэбны ані расейскія войны, ані расейская крымінальшчына, ані расейскае няпраўе.
Нам не патрэбна інтэграцыя, якая нясе голад, страх і сьмерць у наш беларускі Дом.
І калі мы ўсведамляем сябе народам, маем гонар і годнасьць, мы павінны аб'яднацца і законным шляхам пазбавіць каляніяльную адміністрацыю ўлады». Улёткі распаўсюджаныя ва ўсіх чатырох адміністрацыйных раёнах гораду.