Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 ліпеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сеньня ў Белавескай пушчы адбылося чарговае, чацьвертае, паседжаньне Міжбанкаўскага валютнага савету Расеі і Беларусі. Для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве ў Беларусь прыехаў кіраўнік Цэнтрабанку Расеі Віктар Герашчанка.

Дакладная інфармацыя пра вынікі паседжаньня пакуль невядомая. Адна з галоўных тэмаў нарады – стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру. Вядома, што беларускае і расейскае кіраўніцтва мае розныя пункты гледжаньня на тое, якім павінен быць валютны саюз. Расея лічыць, што, калі ўводзіцца адзіная валюта, неабходнае стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру. Беларускае ж кіраўніцтва хоча захаваць за сабой магчымасьць друкаваць грошы. Калі эмісійны цэнтар будзе адзіным з Расеяй, беларускім уладам будзе вельмі складана праводзіць эмісію, напрыклад, на чарговую сяўбу. Стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру – гэта поўны кантроль Расеі над грашовай палітыкай Беларусі, што беларускім уладам не даспадобы.

У той жа час беларускае кіраўніцтва ўвесь час дэкляруе, што валютны саюз патрэбны. І экспэрты, і кіраўніцтва абедзвюх краінаў пагаджаюцца, што працэс стварэньня адзінай валюты зойме працяглы час.

Напэўна, больш прадметным было абмеркаваньне пытаньняў пра грашова-крэдытную палітыку сёлета і налета.

Дарэчы, трэба адзначыць, што сёлета Нацыянальны банк Беларусі зрабіў рашучы крок, да якога доўга рыхтаваўся. Размова ідзе пра пераход да адзінага курсу беларускага рубля адносна даляра, што павінна быць станоўча ацэненае расейскім бокам. Але да ўніфікацыі грашова-крэдытнай палітыкі з Расеяй, праблема якой абмяркоўвалася на сустрэчы Пракаповіча з Герашчанкам, яшчэ далёка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG