Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 чэрвеня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 1 ліпеня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

Міністар культуры Аляксандар Сасноўскі пасьля прэм'ернага прагляду фільма "Лінія бацькі" забараніў яго далейшыя паказы. Публіцыстычная стужка, якую пад шыльдаю аб'яднаньня "Летапіс" зьняла рэжысэрка Галіна Адамовіч, распавядае пра раскол паміж пакаленьнямі ў беларускіх сем'ях, дзе бацькі, звычайна, падтрымліваюць лукашэнкавы рэжым, а дзеці адпрэчваюць яго. Фільм "Лінія бацькі" існуе толькі ў двух асобніках. Верагодна, яны будуць зьнішчаныя, каб стужку ня ўбачыў Замяталін і не пакараў Міністэрства культуры за тое, што дазволіла зьняць на дзяржаўныя грошы антылукашэнкавы фільм.

У Віцебску пры падтрымцы Польскага інстытуту адчынілася міжнародная выстава сучаснага мастацтва "In-formation-2000". У час вэрнісажу ў выстаўнай зале Саюзу мастакоў здарыўся міжнародны інцыдэнт. Калі расейская мастачка Алена Кавыліна, апранутая ў расейскі нацыянальны строй, паказвала пэрформанс зь пятлёй на шыі, адзін зь віцебскіх мастакоў выбіў зэдлік з-пад яе ног. Гэтым разам мастачку (і Расею, якую яна ўвасабляла) пасьпелі вынуць зь пятлі яшчэ жывой.

Нямецкі хор "Унтэрмайн" і Менская абласная капэла "Санорус" далі супольны канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Каб падкрэсьліць музычнае суладзьдзе нашых культураў, нямецкія і беларускія артысты выбралі падобныя сцэнічныя строі. Выкананьнем паўтарагадзіннага твору Ёганэса Брамса "Нямецкі рэквіем" дырыжаваў музыка і тэоляг Готфрыд Кернэр.

У бібліятэцы часопіса "Беларускі Гістарычны Агляд" выйшла кніга "Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі", прысьвечаная гісторыі бальшавіцкіх рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі. Аўтар кнігі – сьведка тых падзеяў Сымон Кандыбовіч, які быў кіраўніком справаў Савету Народных Камісараў БССР, а пры канцы вайны эміграваў у Нямеччыну. Тэкст кнігі ўпершыню быў апублікаваны ў 50-я гады на хвалях "Радыё Свабода", якое тады называлася "Радыё Вызваленьне". Цяперашняму выданьню паспрыяў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аб'яднаньне "Белпошта" выпусьціла ў абарачэньне сэрыю марак, капэртаў і паштовых картак на тэму пастановак Вялікага Акадэмічнага тэатру балета Беларусі, вядомых у многіх краінах Эўропы, дзе ён гастраляваў. На марках і капэртах прадстаўленыя сцэны з балетаў "Стварэньне сьвету", "Рагнеда", "Спартак" і "Карміна Бурана". Прыстасаваў іх да паштовых стандартаў мастак Андрэй Гапіенка.

У гарадзкім Палацы культуры Наваполацку прайшоў рок-фэстываль "Рок-Кола 2000", спансараваны менскім Цэнтрам маладзёвых ініцыятываў. У конкурснай праграме ўзялі ўдзел 15 маладых гуртоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Перамаглі тры гурты з Полацку: "Вэрсія", "Мы" і "Мэгадрайв". Апроч дыплёмаў, удзельнікі атрымалі сувэніры – запаяныя ў шкло маленькія гітары – як сымбаль альтэрнатыўнае музыкі, якую ня хочуць трансьляваць дзяржаўныя радыё і тэлевізія.

У рэдакцыю газэты беларускіх анархістаў "Навінкі", якая аднойчы надрукавала сьцёбна-ўхвальны артыкул пра Кім Чэн Іра, прыйшоў удзячны ліст зь Міністэрства культуры Паўночнае Карэі з прапановаю стварыць у Менску гурток вывучэньня твораў "улюбёнага настаўніка карэйскага народу" Кім Чэн Іра і ягонага бацькі Кім Ір Сэна. Рэдакцыя "Навінак" плянуе абвесьціць конкурс жартоўных хваласьпеваў дыктатарам, пераможцы якога, верагодна, атрымаюць запрашэньне на экскурсію ў Пхэньян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG