Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У Маскве сёньня адбыўся саміт кіраўнікоў краінаў-удзельніцаў СНД.

Галоўным вынікам сёньняшняга саміту намесьнік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Сяргей Прыходзька, нароўні з ўсьведамленьнем кіраўнікамі дзяржаваў неабходнасьці працягваць супрацоўніцтва, назваў і плян стварэньня зоны вольнага гандлю. Нагадаем, што менавіта гэтай мэты – зонаў свабоднага гандлю – дамагаўся перад пачаткам саміту і Аляксандар Лукашэнка.

Канкрэтным вынікам саміту было стварэньне агульнага антытэрарыстычнага цэнтру краінаў СНД, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін назваў вялікім дасягненьнем.

Сёньня ж быў прызначаны і кіраўнік агульнага антытэрарыстычнага цэнтру краінаў-удзельніцаў СНД, ім стаў генэрал-лейтэнант Барыс Мыльнікаў. У яго будуць тры намесьнікі – па лініі міністэрства ўнутраных справаў, Рады камандучых памежных войскаў і Рады міністраў абароны краінаў СНД. Канкрэтныя кандыдатуры пакуль што ня вызначаныя.

Паводле словаў генэрала Мыльнікава, ягоная першапачатковая мэта – стварэньне адзінага банку дадзеных у мэтах барацьбы з міжнародным тэрарызмам. Ён заявіў, што стварэньне войскаў СНД адмысловага прызначэньня не плянуецца, але існуе неабходнасьць стварыць прававую базу дзеля правядзеньня сумесных апэрацыяў войскамі спэцпрызначэньня краінаў СНД.

Іншымі словамі, мяркуецца, што неўзабаве пасьля стварэньня юрыдычных падставаў байцы спэцпрызначэньня адной краіны будуць прымаць удзел у апэрацыях на тэрыторыі іншай краіны. Штаб–кватэра агульнага антытэрарыстычнага цэнтру будзе ў Маскве, для яе ўжо выдаткаваны асобны будынак. Заўважым, што прэзыдэнт Туркменіі Сапармурат Ніязаў не паставіў подпіс пад пагадненьнем аб стварэньні антытэрарыстычнага цэнтру, які, дарэчы, быў прапанаваны казахскім прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым.

Пасьля саміту расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін спаткаўся з прэзыдэнтамі Узбэкістану Ісламам Карымавым, прэзыдэнтам Туркменіі Сапармуратам Ніязавым, Прэзыдэнтам Арменіі Робэртам Качаранам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG