Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 чэрвеня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Рэдакцыя газэты "Народная Воля" і журналіст Юры Сьвірко, аўтар інтэрвію з Тамарай Віньнікавай, што было апублікана 10 чэрвеня, падаюць скаргу ў пракуратуру й пазовы ў суд на Беларускую тэлевізію і дыктара перадачы "Рэзананс" А.Зімоўскага за парушэньне аўтарскага права й паклёп. Зімоўскі ў мінулую нядзелю агучыў тыя абзацы з інтэрвію Віньнікавай, якія быццам бы былі скарочаныя рэдакцыяй.

Аляксандар Зімоўскі працытаваў тыя абзацы, у якіх Тамара Віньнікава вельмі нэгатыўна гаворыць пра лідэраў беларускай апазыцыі. Пры гэтым Зімоўскі заявіў, што яму перадалі поўны тэкст інтэрвію нейкія супрацоўнікі "Народнае Волі".

Увогуле, праўкі й скарачэньні матэрыялаў заўсёды былі рэдакцыйнай таямніцаю, і рэдактар "Народнае Волі" Іосіф Сярэдзіч лічыць, што зь ягонага калектыву ніхто ня мог перадаць гэтыя матэрыялы Зімоўскаму. Больш за тое, Зімоўскі цытаваў ня той тэкст, які быў рэдагаваны Сярэдзічам, а іншы вырыянт інтэрвію, якога ў рэдакцыі папросту не было. Пры гэтым Зімоўскі папракаў "Народную Волю" ў прадузятасьці. Таму, як зазначыў Іосіф Сярэдзіч у інтэрвію "Радыё Свабода", рэдакцыя будзе зьвяртацца ў пракуратуру й суд з заявамі пра парушэньне аўтарскіх правоў і паклёп з боку перадачы "Рэзананс".

Уласнае дасьледаваньне гэтай дзіўнай гісторыі правёў і аўтар інтэрвію зь Віньнікавай журналіст Юры Сьвірко. Ён пацьвярджае, што ў тэксьце, які ён прадаставіў рэдакцыі "Народнае Волі", не было шмат чаго з таго, што Зімоўскі назваў "рэдакцыйнымі скарачэньнямі" "Народнае Волі". Не было там, напрыклад, пасажу пра тое, што Віньнікава нібыта марна патрабуе прамога эфіру з Багданкевічам на "Радыё Свабода". А гэты пасаж і многія іншыя фальшыва агучыў Зімоўскі.

Гэтыя абзацы, відаць, узятыя з тых паправак да інтэрвію, якія прапанавала сама Віньнікава пасьля вычыткі тэксту і накіравала Юрыю Сьвірко электроннай поштаю. Ды папраўкі гэтыя прыйшлі запозна й не былі ўнесеныя ў рэдакцыйны тэкст. Юры Сьвірко робіць меркаваньне, што тэкст інтэрвію з папраўкамі Віньнікавай Зімоўскі (ці нехта са спэцслужбаў) проста скралі зь ягонай электроннай паштовай скрынкі ў інтэрнэце.

Гаворыць Юры Сьвірко:

(Сьвірко: ) "Я даслаў сёньня скаргу на імя Генэральнага пракурора Беларусі спадара Бажэлкі, дзе зьвярнуў ягоную ўвагу на тры моманты, на тры артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія парушыў Зімоўскі. Гэта 1 артыкул "Паклёп" – ён узьвёў паклёп на супрацоўнікаў рэдакцыі "Народнай Волі", сказаўшы, што яны перадалі яму фрагмэнты неапублікаванага інтэрвію, хоць я дакладна ведаю, што гэтых фрагмэнтаў у рэдакцыі не было. Па-другое, артыкул 135 "Парушэньне тайны перапіскі". Я думаю, што альбо Зімоўскі, альбо тыя, з кім ён супрацоўнічае, узламалі мой сэрвэр, маю паштовую скрынку, і дасталі адтуль вось гэты другі тэкст з папраўкамі Віньнікавай. І, нарэшце, я зьвярнуў увагу на артыкул 138 Крымінальнага кодэксу "Парушэньне аўтарскага права". Я ніколі не супрацоўнічаў з прагрмай Рэзананс, не супрацоўнічаю і не зьбіраюся рабіць гэта ў будучым. Таму я быў вельмі шакаваны тым, што маё прозьвішча наогул зьявілася ў гэтай ганебнай праграме",

– гэта быў журналіст Юры Сьвірко.

Цікава, што пасьля гэтых скандальных публікацыяў "Народнае Волі" ў мінулую пятніцу й суботу, якія суправаджаліся нядаўнімі фотаздымкамі Віньнікавай, ніхто з праваахоўных ворганаў, якія фармальна яшчэ вядуць сьледзтва паводле факту зьнікненьня Тамары Віньнікавай, не паспрабаваў высьветліць у рэдакцыі ды журналіста, ці на самой справе гэта экс-кіраўніца Нацбанку, дзе яна знаходзіцца і як можна яе знайсьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG