Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 траўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

У канцы гэтага месяца ў Берасьці мае адбыцца сустрэча кіраўнікоў Беларусі ды Ўкраіны. Аляксандар Лукашэнка й Леанід Кучма паспрабуюць разьвязаць як новыя, гэтак і хранічныя праблемы ў двухбаковых дачыненьнях.

Найбольш працяглае непаразуменьне ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях зьвязанае з запазычанасьцю ўкраінскіх суб'ектаў гаспадараньня, якая ўтварылася адразу пасьля распаду СССР, у 1992 годзе. Беларускі бок ацэньвае гэты доўг у 217 мільёнаў даляраў, украінскі ж папросту лічыць, што аніякае запазычанасьці няма. "Ёсьць толькі непаразуменьні, зьвязаныя з узаемаразьлікам прадпрыемстваў", – падкрэсьліў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь.

Дарэчы, Беларусь менавіта з праблемаю разьлікаў увязвае ратыфікацыю дамовы аб дэмаркацыі беларуска-ўкраінскае дзяржаўнае мяжы. Маўляў, пакуль ня вернеце грошы, дамову не ратыфікуем.

Украіна ж лічыць, што гэтыя пытаньні павінны рашацца паасобна. Ад 1992 году абедзьве дзяржавы пры самых розных кіраўніках так і не прасунуліся ў разьвязаньні гэтае супярэчнасьці. Чарговы раз зрушыць зь месца застарэлую праблему паспрабуюць у Берасьці Леанід Кучма і Аляксандар Лукашэнка.

Непакоіць лідэраў суседніх дзяржаваў і катастрафічнае падзеньне гандлёвага таваразвароту, што назіраецца апошнія два гады. "Мы правалілі гэты кірунак нашых дачыненьняў", – прызнаў украінскі пасол. І хаця сёлета ў першым квартале таваразварот павялічыўся на 25 адсоткаў, ён дасягнуў толькі 192 мільёнаў даляраў. У той час як яшчэ ў 1997-м гэты паказьнік складаў 346 мільёнаў.

Як патлумачыў вашаму карэспандэнту спадар амбасадар пасьля прэсавае канфэрэнцыі, разьвіцьцю двухбаковага гандлю перашкаджае некалькі акалічнасьцяў. Па-першае, падатак на даданую вартасьць зьбіраецца адразу пад час мытнага афармленьня тавараў. Па-другое, не дазволеныя разьлікі ў беларускіх рублях, а цану ўкраінскіх тавараў падвышае множнасьць курсаў беларускае валюты. У тым ліку й з-за гэтых прычынаў дасюль не выконваецца шэраг зацьверджаных супольных праграмаў. Як падкрэсьліў Анатоль Дронь, многія эканамічныя праблемы можна разьвязаць толькі дзякуючы палітычнай волі кіраўнікоў абедзьвюх дзяржаваў.

Дагэтуль, аднак, бакі не жадалі йсьці насустрач і рабіць узаемныя саступкі. І пакуль нішто ня сьведчыць пра тое, што на сустрэчы ў Берасьці магчымы нейкі якасны прарыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG