Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Вёска Галавіч Поле – цэнтар сельсавету ў саўгасе "Шчучынскі". Саўгасы традыцыйна бяднейшыя за калгасы. Гэты – не выключэньне. Наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў наведаў гаспадарку, пагутарыў зь людзьмі.

Галавіч Поле – вёска каталіцкая, праваслаўны Вялікдзень амаль ніхто не адзначае. Дый не да сьвятаў асабліва – трэба саджаць бульбу.

Калі ласка, прыватнік прапануе трактар, але за два мільёны старыма грашыма за сотку. А ў некаторых такія й заробкі – 2-3 мільёны, ва ўсялякім выпадку, былі ў студзені, а за студзень грошы дагэтуль не выплочвалі. Нядаўна ў гаспадарцы зьмяніўся дырэктар, які сказаў, што рэальна зможа павыплочваць заробкі за гэты час толькі ў жніўні.

Як жа людзі жывуць, з чаго? Напрыклад, здаюць малако. Сабе нават слоіка часам не пакінуць. Бо тут рэальна плоцяць па 63 тысячы за літар. Я размаўляў з кіроўцам малакавоза. За дзень саўгас здае 2 тоны малака. А насельніцтва – 5 тонаў. Гэта пацьвярджае і старшыня сельсавету Анатоль Віньша. У саўгасе надоі зусім зьменшыліся – да 2 тысяч літраў ад каровы. Ён, дарэчы, працаваў дагэтуль галоўным заатэхнікам, але перайшоў у сельсавет – праца спакайнейшая і заробак своечасова атрымаеш.

Грамадзкі статак выгналі на поплаў, дарэчы, ужо больш за тыдзень таму. А прыватныя гаспадары не сьпяшаюцца. Кармы яшчэ маюць, дый трава пакуль ня вырасла. Мужчыны, зь якімі я размаўляў каля вясковай крамы, дадаюць: як выгналі саўгасных кароў на Пасху – чатыры ўпалі і здохлі. А яшчэ дзьве – пазьней, калі вярнуліся ў кароўнік. Бо кармілі слаба – сенажомам ды галінкамі.

Саўгас традыцыйна спэцыялізаваўся на гародніне, апошнім часам пачалі цукровыя буракі сеяць – да цукровага камбінату ў Скідалі – недалёка. Але палоць ужо няма каму. Не хапае людзей. Па словах старшыні сельсавета, сёлета нарадзлася тры чалавекі. Памёрла – адзінаццаць.

Чаму ж людзі працуюць моўчкі, не атрымліваючы нават сваіх мізэрных заробкаў? Гэта ж, напэўна, Лукашэнка давёў вёску да гэтага, – спрабую выклікаць на палеміку суразмоўцаў. Не-е, Лукашэнка невінаваты, ён жа ня можа бачыць, што робіцца ў кожным саўгасе, адказвае мне адзін зь іх, гэта ўсё чыноўнікі. То на прадукты цэны паднялі, то на гарэлку. А ён ні пра што ня ведаў.

Цікава, што адказваў мне санітар з Галавічпольскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Ён заробак атрымлівае своечасова. Два саўгасьнікі, якія стаялі побач, прамаўчалі. Дарэчы, інтэрнат месьціцца ў сядзібным доме Іваноўскіх, там амаль 100 гадоў таму быў надрукаваны першы нумар беларускай газэты "Свабода" – Вацлавам Іваноўскім і сябрамі-студэнтамі. Пра гэта ў вёсцы ня ведаюць, але памятаюць, як пасьля вайны разграмілі пахавальны склеп Іваноўскіх, і ў чугунных трунах мылі потым бялізну…

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG