Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Нацыянальны выканаўчы камітэт – "ценявы ўрад" Беларусі – на сваім паседжаньні аднагалосна прыняў рашэньне падтрымаць ідэю правядзеньня Ўсебеларускага зьезду.

Не гасьцямі, а актыўнымі ўдзельнікамі Ўсебеларускага зьезду маюць намер стаць прадстаўнікі Нацыянальнага выканаўчага камітэту – "ценявага ўраду" краіны. Яны прапануюць аргкамітэту форуму ўключыць у парадак дня абмеркаваньне нацыянальнае канцэпцыі разьвіцьця краіны, вядомай пад назовам "Стратэгія для Беларусі". Выканаўца абавязкаў старшыні "ценявага ўраду" Мечыслаў Грыб адмыслова для нашага радыё так патлумачыў гэтае жаданьне…

(Грыб: ) "Мы ўсе аднагалосна выказаліся за падтрымку гэтага важнага мерапрыемства і выказалі пажаданьне прыняць удзел у працы Ўсебеларускага зьезду – як у самі зьезьдзе, так і ў працы аргкамітэту. І мы будзем прапанаваць зьезду разгледзець нашую канцэпцыю нацыянальнага разьвіцьця Беларусі "Стратэгія для Беларусі", якую мы ўжо дапрацоўваем і разьлічваем, што да таго часу скончым. Якое там рашэньне прыме зьезд, гэта ня вельмі важнае пытаньне, але месца для яе павінна быць знойдзенае на гэтым важным форуме".

Гэта быў выканаўца абавязкаў старшыні Нацыянальнага выканаўчага камітэту Мечыслаў Грыб.

На думку кіраўніка рабочае групы, якая рыхтуе Канцэпцыю разьвіцьця Беларусі, кандыдата юрыдычных навук Сяргея Ляўшунова, навукоўцам патрэбна яшчэ каля аднаго месяца, каб завяршыць справу. Цяпер яны ўдасканальваюць дакумэнт, паколькі атрымалі ў якасьці рэцэнзіі на яго заўвагі ад калегаў з Польшчы, Нямеччыны, Украіны. У травені будуць атрыманыя і новыя статыстычныя дадзеныя, што зробіць матэрыялы больш актуальнымі. Некаторыя заўвагі распрацоўшчыкі канцэпцыі, паводле Сяргея Ляўшунова, атрымалі празь інтэрнэт, дзе быў разьмешчаны яе праект (http://europa.ehu.unibel.by/strategia.htm).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG