Аказваецца існуе яшчэ адзін запіс сьведчаньняў Тамары Віньнікавай, зроблены за месяц да яе зьнікненьня, у якім яна расказвае аб сродках, з дапамогай якіх каманда Лукашэнкі прыйшла да ўлады, аб крыніцах фінансаваньня перадвыбарчай кампаніі першага прэзыдэнта Беларусі, аб гандлі зброяй ды іншым. Пра гэта ды пра іншае ў інтэрвію Аляксандру Лукашуку гаворыць адзін з кіраўнікоў Беларускага Гэльсынскага Камітэту, былы афіцэр КГБ Валер Костка. (Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, прайшло ўжо некалькі дзён з моманту сэнсацыйнага вяртаньня Тамары Віньнікавай. Як Вы сёньня ацэньваеце інфармацыйную каштоўнасьць таго, што яна сказала?" (Костка: ) "Інфармацыйная каштоўнасьць заключаеццца больш у тым, што яна яшчэ не пасьпела сказаць. Небясьпека для рэжыму заключаецца якраз у той інфармацыі, якой валодае Віньнікава, і якую яна яшчэ не пасьпела данесьці да грамадзянаў Беларусі і да астатніх". (Карэспандэнт: ) "Скажыце, ці зьмяняе зьяўленьне Віньнікавай сытуацыю ў цэлым у Беларусі, ці гэта істотна, Вы лічыце, для лёсаў іншых людзей?" (Костка: ) "Я думаю, зьяўленьне Віньнікавай – гэта невыпадкова. Невыпадкова. І, безумоўна, яна памяняе сытуацыю ў тым сэнсе, што спробы зьвесьці зьнікненьні людзей і ўсе гэтыя махінацыі, фінансы і так далей, – сьпісаць на нейкі крымінал. Тут можа быць якраз перамена думак у гармадзянаў Беларусі, якія пра гэта ня ведалі". (Карэспандэнт: ) "Значыцца, гэта будзе не на карысьць уладаў?" (Костка: ) "Не на карысьць уладаў. І, нават, інтэрвію, якое прагучала, яно ўжо не на карысьць уладаў". (Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, Тамара Віньнікава, расказваючы пра свой арышт, гаворыць, што ёй удалося ўратавацца пад час моманту перадачы яе з пад рэгулярнай так сказаць варты ў нейкую групу, якая павінна была займацца зьнішчэньнем апазыцыі. У гэтай сувязі яна згадвае імёны і іншых апазыцыянэраў, у тым ліку Генадзя Карпенкі…" (Костка: ) "Я ўпэўнены ў тым, што Карпенка памёр не сваёй сьмерцю, і якраз пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі я крыху інакш стаў глядзець на ролю і лідэраў Беларусі, і неабходнасьць забесьпячэньня іх асабістай бясьпекі. Я ня думаю, што Віньнікава такі чалавек, які мог бы зьбегчы фізычна, зьбегчы ад гэтай аховы". (Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, вяртаючыся да тэмы гэтай групы фізычнага зьнішчэньня лідэраў апазыцыі, пра якую яна згадвала. Падзеі гэтага, 1999 году, надзвычай небясьпечныя. Такога раней у Беларусі проста не было. На сёньня, нагадаю, няма Віктара Ганчара, няма Юрыя Захаранкі, няма Анатоля Красоўскага, няма Генадзя Карпенкі. Пэўны час назад у Інтэрнэце быў апублікаваны так званы плян фізычнага зьнішчэньня лідэраў апазыцыі. Як бы Вы маглі апублікаваць ягоны зьмест?" (Костка: ) "Усе гэтыя зьнікненьні і сьмерці, у тым ліку Генадзя Карпенкі, гэта, бузумоўна, на мой погляд, як былога апэратыўніка, гэта ланцужок адной нейкай зьявы. Я б не хацеў казаць, што няма Ганчара, няма Захаранкі і Красоўскага, таму што, магчыма, іх проста няма на волі, мы ня ведаем, дзе яны знаходзяцца, але вось факт сьмерці Карпенкі – гэта ўжо незваротная падзея, і гэта вельмі шкада. Дарэчы, што датычыцца гэтага пляну. Я пасьпеў зь ім пазнаёміцца таксама. Хачу сказаць, што тут шмат недакладнасьцяў, але ёсьць і пэўная праўда. Сапраўды, існуе такі чалавек, як, скажам, Ткачэнка Ўладзімер Мікалавевіч, начальнік адзьдзела апэратыўнага рэагаваньня Дзяржаўнага сакратарыяту Савету Бясьпекі. Па рангу ён намесьнік кіраўніка. Магчыма, там у штаце яшчэ ёсьць… Але нам вядома, што ёсьць яшчэ структура спэцыяльная пры гэтым аддзеле, якая зараз, пасьля пэўных падзеяў у Беларусі, пераведзеная ў Шабаны, на былую базу МУС. Там іх значна больш, каля сотні чалавек. Гэта якраз тыя апэратыўнікі, якія займаюцца пытаньнямі апэратыўна-тэхнічнага забесьпячэньня гэтага аддзела. Сапраўды, пры Савеце Бясьпекі створная, магчыма, самая моцная зараз спэцслужба, якая па некаторых тэхнічных сваім магчымасьцях перакрывае і структуры КДБ, МУС і памежных войскаў. Акрамя таго, у падпарадкаваньне Савету Бясьпекі пераведзены Дзяржаўны цэнтар бясьпекі і інфармацыі, дзе вельмі шмат атрымліваюць інфармацыі з дапамогай тэхнічных сродкаў, пра якія людзі ня ведаюць, у тым ліку і кіраўнікі, якія сядзяць і ў вобласьці, раёне і так далей…" Гутарыў Аляксандар Лукашук (Поўны тэкст інтэрвію Аляксандра Лукашука з Валерам Косткам чытайце ў заўтрашнім выпуску нашае Web-старонкі)
Самае папулярнае
1