Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Важным застаецца пытаньне ня толькі наконт функцыяў будучага парлямэнту, але й наконт таго, паводле якога выбарчага закону будуць адбывацца выбары ў заканадаўчы ворган. Учора адбылося паседжаньне рабочай групы ў дапрацоўцы выбарнага кодэксу Беларусі. Камэнтуючы вынікі гэтага паседжаньня, старшыня групы, член-карэспандэнт Нацыянальнае акадэміі навук, выканаўца абавязкаў дырэктара інстытуту права Мікалай Сторажаў у інтэрвію беларускай тэлевізыі ў прыватнасьці паскардзіўся, што "нягледзячы на рэзалюцыі парлямэнцкае групы АБСЭ, неаднаразовыя запрашэньні з боку парлямэнцкіх камісыяў, што працуюць над дакумэнтам, сваіх прадстаўнікоў апазыцыя не даслала". Аднак выглядае, што ня толькі апазыцыя, якая і тлумачыла сваё ігнараваньне ўдзелу у дапрацоўцы выбарчага Кодэксу тым, што ніхто да яе прапановаў прыслухоўвацца ня будзе, але й самі прадстаўнікі місыі АБСЭ на ўдзел у падрыхтоўцы выбарчага Кодэксу пачынаюць глядзець скэптычна.

Прадстаўнік кансультатыўна-маніторынгавае групы АБСЭ, дарадчык Мішэль Рэвалье прыняў удзел у паседжаньні з абмеркаваньнем праекту выбарчага Кодэксу. І што ж? Паводле словаў намесьніка старшыні камісыі дзяржаўнага будаўніцтва й мяйсцовага самакіраваньня палаты прадстаўнікоў "нацыянальнага сходу" Мікалая Лазавіка, шэраг прапановаў Рэвалье не ўпісваецца ў Канстытуцыю Беларусі.

Прыкладам, Рэвалье ад імя АБСЭ прапанаваў зьнізіць плянку збора подпісаў грамадзянаў, неабходных дзеля пастаноўкі пытаньня аб правядзеньні рэфэрэндуму. Але ў Канстытуцыі запісана, што трэба сабраць ня менш за 450 тысячаў подпісаў і таму пагадзіцца з Рэвалье немагчыма, бо Канстытуцыю нікому не дазволена парушаць.

АБСЭ прапанавала таксама пад час абраньня прэзыдэнта зьнізіць норму яўкі выбаршчыкаў на выбарныя ўчасткі. Але ж у артыкуле 82 Канстытуцыі запісана, што выбары лічацца адбыўшыміся, калі ў галасаваньні прынялі ўдзел больш паловы грамадзянаў Беларусі, уключаных у сьпіс выбаршчыкаў, а Канстытуцыю парушаць нельга.

Іншая справа, што можна будзе падыскутаваць пра норму яўкі выбаршчыкаў на парлямэнцкія выбары. Але да якой высновы прыйдуць дэпутаты на сэсыі нацыянальнага сходу, сказаць цяжка, — заўважыў Мікалай Лазавік.

Ад сябе зазначым, што рашэньне дэпутатаў прадбачыць зусім ня цяжка — яно будзе такім, на якое пагодзіцца Аляксандар Лукашэнка. Так было пад час прыняцьця закону аб выбарах у мяйсцовыя саветы. Лукашэнка доўга не пагаджаўся на зьніжэньне 50% нормы яўкі выбаршчыкаў, матывуючы гэта тым, што дэпутаты мусяць на выбарах атрымаць высокі ўзровень даверу насельніцтва, але ўрэшце рэшт пагадзіўся зьнізіць яе да 25% у другім туры.

Дарэчы, выбары ў мяйсцовыя саветы кансультатыўна-маніторынгавая група АБСЭ прызнае праведзенымі недэмакратычна.

А дэпутаты "нацыянальнага сходу", між іншым, пад час прыняцьця закону аб выбарах у мяйсцовыя саветы ня ўлічылі аніводнае зь ейных прапановаў. І тым ня менш, яна працягвае працаваць зь імі і над праектам выбарчага Кодэксу, што дае беларускім уладам магчымасьць спасылацца на АБСЭ ў сваіх інтарэсах — у прыватнасьці, сьцвярджаць, што пад эгідаю кансультатыўна-маніторынгавай групы АБСЭ распрацоўваюцца законы, якія адпавядаюць патрабаваньням дэмакратычных краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG