Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 траўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Галоўны вынік праведзеных у траўні прэзыдэнцкіх выбараў на пашыраным паседжаньні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня быў сфармуляваны наступным чынам: насельніцтва Беларусі не прымае таго, што Лукашэнка і ягоныя паплечнікі будуць заставацца пры ўладзе яшчэ два гады. Вынікі выбараў і пляны на будучыню — вось тыя дзьве галоўныя тэмы, што абмяркоўваліся на гэтым паседжаньні 24 траўня. Адзіным журналістам, што прысутнічаў на ім, быў карэспандэнт Радыё Свабода.

Паседжаньне пад кіраўніцтвам старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага пачалося з кароткага выступу старшыні ЦэнтарВыбарКаму дэпутата Ганчара. Ён адзначыў, што юрыдычныя вынікі выбараў адлюстраваныя ў пастанове Цэнтральнай Камісіі ў справе выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прынятай 16 траўня. Тэкст гэтай пастановы атрымаў кожны з удзельнікаў паседжаньня, і таму сп. Ганчар выказаў толькі палітычныя заўвагі да мінулай кампаніі.

На ягоную думку, менавіта прэзыдэнцкія выбары, што адбыліся ў траўні, даюць рэальную праграму палітычных дзеяньняў пачынаючы з 21 ліпеня, калі паўнамоцтвы прэзыдэнта Лукашэнкі скончацца. А таму патрэбна ўзяць усё лепшае з выбарчай кампаніі і выпрацаваць адмысловы плян дзеяньняў на будучыню. Галоўным у гэтым пляне становіцца канстытуцыйныя дзеяньні зь пераходам найвышэйшай улады да старшыні Вярхоўнага Савету і ўтварэньнем новага ўраду.

Да ацэнкі выбараў зьвярталіся Ўладзімер Нісьцюк, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Віктар Хоміч, Рыгор Пракаповіч, Сяргей Калякін ды практычна кожны дэпутат. Некаторыя, у прыватнасьці Нісьцюк і Лябедзька, не ва ўсім пагаджаліся з апошнім этапам выбараў, але нават і яны ўвогуле далі станоўчую ацэнку гэтай кампаніі, ЦэнтарВыбарКаму і асабіста Ганчару.

Як адзначыў старшыня Вярхоўнага Савету, «усім 19-ці сябрам ЦэнтарВыбарКаму, людзям, якія сумленна працавалі ў тэрытарыяльных камісіях, трэба сказаць вялікі дзякуй. Крыўдна чуць, калі нехта акцэнтуе ўвагу на дробных памылках сяброў камісіяў — маўляў, там хтосьці нешта не зусім тое зрабіў, не зусім тое сказаў. Замест таго, каб ім яшчэ раз падзякаваць, знаходзяцца людзі, якія накідваюцца на камісію зь віламі, рыдлёўкамі, а часам і зь сякерай».

Дарэчы, сьпікер адзначыў высокую ацэнку, якую далі выбарам старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Нарвэгіі Кнут Волебэк, Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША і расейскія аналітыкі, імёны якіх сьпікер не называў, але адзначыў, што гэтыя людзі кладуць аналітычныя даведкі на стол Ельцыну, а цяпер і Сьцяпашыну. Іншая справа, што сёньня выбары — гэта ўжо гісторыя. Трэба ісьці далей.

Удзельнікі паседжаньня выказвалі розныя думкі: пралічыць усе магчымыя варыянты падзеяў далей, правесьці чарговы дэпутацкі сход за межамі Беларусі, вызначыць — хто заменіць старшыню Вярхоўнага Савету, калі яго раптоўна арыштуюць, вызначыць у якой краіне будзе знаходзіцца новы ўрад, які ўтворыць Вярхоўны Савет і г.д.

Пасьля вялікай дыскусіі было вырашана правесьці тэрміновыя кансультацыі на працягу 3-4 дзён з кіраўніцтвам палітычных партыяў Беларусі, прадстаўнікамі Расеі, заходніх дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў — і ўжо пасьля гэтага брацца за распрацоўку пляну канкрэтных дзеяньняў на чэрвень і ліпень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG