Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Афіцыйная працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты адбудзецца 31 сакавіка, як тое і было абвешчана Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй. Учора, 29 сакавіка адбылася працэдура перадачы падпісных лістоў. Разам з тым афіцыйныя ўлады робяць захады, накіраваныя на зрыў заўтрашняй рэгістрацыі. На допыт «сынхронна» выкліканыя адразу некалькі сяброў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. (Эфір 30 сакавіка, 18.30).

Афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты адбудзецца заўтра, 31 сакавіка. Пра гэта ў інтэрвію нашаму радыё заявіў старшыня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі Віктар Ганчар.

(Ганчар:) «На цяперашні момант сп. Чыгір і сп. Пазьняк яшчэ не зьяўляюцца афіцыйна кандыдатамі ў прэзыдэнты. Для таго, каб яны набылі гэты статус, трэба, каб на пасяджэньні Цэнтральнай Камісіі былі выкананыя ўсе неабходныя працэдуры. Гэта значыць — прынятая пастанова аб іхным афіцыйным статусе і аб іх афіцыйнай рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты на падставе тых пратаколаў абласных і менскай гарадзкой камісіі, якія сапраўды здадзеныя ў Цэнтральную Камісію. Таму заўтра адбудуцца тыя мерапрыемствы, якія і абвешчаныя Цэнтральнай Камісіяй».

Афіцыйныя ўлады пакуль робяць усё, каб заўтрашняга паседжаньня не адбылося, і вядома, што ўжо затрыманыя некалькі сяброў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі.

(Ганчар:) «Паводле тых зьвестак, якія мы атрымалі, праходзяць так званыя «сьледчыя дзеяньні» зь сябрамі Цэнтральнай Камісіі Закурдаевым, Сазанавец і маім намесьнікам Навумчыкам. Што да заўтрашняга пасяджэньня Цэнтральнай Камісіі — пасяджэньне камісіі і рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты адбудуцца ў вызначаны час і ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам».

(Карманаў:) Віктар Іосіфавіч, скажыце, колькі сяброў ЦэнтарВыбарКаму павінна прысутнічаць на заўтрашнім паседжаньні, каб яно было легітымным?

(Ганчар:) «На пасяджэньні камісіі павінна прысутнічаць ня менш за 15 сяброў ЦэнтарВыбарКаму і павінна прагаласаваць ня менш за 10 сяброў ЦэнтарВыбарКаму».

Як паведаміў прэсавы сакратар ЦэнтарВыбарКаму Аляксандар Коктыш, учора ўвечары ў розных гарадох Беларусі сынхронна пачаліся затрыманьні сяброў Цэнтральнай Выбарчай Камісіі пад выглядам выкліку на допыт у якасьці сьведкаў у крымінальнай справе Ганчара. Сябар ЦВК Іосіф Навумчык, які на машыне выехаў зь Віцебску ў Менск, быў 29 сакавіка затрыманы ў раёне Лепеля. Іосіфа Навумчыка дапытвалі на працягу 5 гадзінаў і выпусьцілі ўручыўшы позву вярнуцца сёньня ў Віцебскае абласное ўпраўленьне ўнутраны справаў. На сёньняшнім допыце ў Віцебску Іосіфу Навумчыку задаваліся тыя самыя пытаньні, што і на папярэднім допыце ў Лепелі. На 31 сакавіка на 10 гадзінаў уранку Навумчыка зноў выклікалі ў пракуратуру.

Такі самы сцэнар быў ужыты 29 сакавіка ў дачыненьні да сябра ЦВК з Горадні Ўладзімера Закурдаева. Яго зьнялі з аўтобуса маршруту Горадня—Менск. Сябра ЦВК Лідзія Сазанавец зь Ліды выехаць не пасьпела. Яе ўчора затрымалі, а сёньня зноў выклікалі на допыт у сьледчае ўпраўленьне, дзе яна ў якасьці сьведкі знаходзіцца і дагэтуль.

Паводле апошняй інфармацыі, сябры Цэнтральнай Выбарчай Камісіі папярэджаныя пра магчымасьць затрыманьня напярэдадні заўтрашняга паседжаньня, і ў дачыненьні да іх ужытыя захады, якія засьцерагаюць ад небясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG