Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пачалі праверку подпісаў, якія сабралі ініцыятыўныя групы Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра.

Згодна з Законам аб выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, праверкай подпісаў займаюцца раённыя і гарадзкія камісіі, а Менская гарадзкая і абласныя — толькі пры неабходнасьці. Адсюль і ўзьнікаюць некаторыя непаразуменьні. Напрыклад, Тацяна Ваніна, кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра ў Менскай вобласьці, прывезла кіраўніку выбарчай камісіі ў гэтым рэгіёне Валянціну Баранаву вялікі стос падпісных лістоў, у якіх сабраныя подпісы больш чым 17 тысячаў грамадзянаў вобласьці. Аднак сп. Баранаў адмовіўся іх прыняць. Чаму? У гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода кіраўнік выбарчай камісіі Менскай вобласьці распавёў наступнае: «Я разумею надзвычай складаныя ўмовы выбарчага працэсу, але ж навошта парушаць закон, калі можна абыйсьціся бяз гэтага. Няўжо гарадзкія камісіі — у Маладэчне або ў Клецку — ня могуць самастойна праверыць подпісы? Калі зь нейкіх прычынаў гэтага не атрымаецца, тады згодна з законам праверку зробіць нашая камісія».

Пытаньне — ці патрэбна абавязкова ў такіх складаных умовах прытрымвацца кожнай літары закону — зараз абмяркоўваецца ў выбарчых штабох. Розныя людзі — розныя погляды. Адсюль і спрэчкі. І — што самае галоўнае — могуць быць пэўныя нечаканасьці. Напрыклад, група Чыгіра 29 сакавіка заявіла, што ў Менскай вобласьці яна мае 17 тысячаў подпісаў, і гэтая лічба ўжо фігуруе ў многіх матэрыялах. Між тым той самы сп. Баранаў раіць пакуль не сьпяшацца, бо могуць быць і яшчэ пэўныя страты.

Між тым група Чыгіра ўжо сьпісала з сваіх набыткаў 18 тысячаў галасоў. 10 тысячаў, якія трапілі ў выбарчы штаб пасьля тэрміну, прадугледжанага ў законе, і яшчэ 8 тысячаў — так званая выбракоўка.

Дарэчы, па рэгіёнах лічбы на карысьць былога кіраўніка ўраду Беларусі выглядаюць так: Менск — 69 тыс., Берасьцейская вобласьць — 10 зь лішкам тыс., Віцебская — 8 тыс., Гомельская — 10 тыс., Гарадзенская — каля 9 тыс., Менская — 17 тыс., Магілеўская — крызу больш за 9 тыс.

Што да групы падтрымкі Зянона Пазьняка, дык тут прытрымваюцца абранай тактыкі — менш словаў, больш працы. Тут не сьпяшаюцца перадаваць падпісныя лісты ў вобласьці. Усё робіцца так, як гэта прадугледжана законам. Таму, мабыць, і такі надзвычай караценькі камэнтар штабу лідэра Беларускага Народнага Фронту: «Выбракоўка ў нас будзе меншая, чым у Чыгіра». калі так, дык, магчыма, розьніца паміж прэтэндэнтамі на рэгістрацыю ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты будзе невялічкая, паколькі, паводле чутак, у групе Пазьняка сабралі каля 130 тысячаў подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG