Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня віцэ-прэм'ер Беларусі Урал Латыпаў удзельнічаў у нарадзе міністраў замежных справаў краінаў СНД. Афіцыйна ў парадку дня нарады ў Маскве значылася рэфармаваньне гэтай структуры. Насамрэч на першы плян выйшла рашэньне Узбэкістану выйсьці з дамовы аб калектыўнай бясьпецы дзяржаваў садружнасьці. Што тычыцца саюзу Беларусі й Расеі, дык ён выклікае ўсё большае непрыманьне як на ўсходзе, так і на захадзе, нават сярод патэнцыйных саюзьнікаў.

Крытыка саюзу Беларусі й Расеі днямі прагучала адкуль не чакалі. Зь Бялграду. У той час, як віцэ-прэм'ер югаслаўскага ўраду Ваіслаў Шэшаль актыўна прапагандуе ідэю далучэньня Югаславіі да саюзу, іншы віцэ-прэм'ер таго самага ўраду Вук Драшкавіч выступіў супраць, як ён сказаў, далучэньня да часткі былой савецкай імпэрыі. У інтэрвію маскоўскай газэце «Известия» Драшкавіч - у мінулым адзін зь лідэраў апазыцыі - заявіў, што Шэшаль «сілам на чале зь Зюганавым і Жырыноўскім хоча паднесьці ў якасьці падарунку Сэрбію і Чарнагорыю. Менавіта супраць такога саюзу я падняў голас. Але ж і ідэя далучэньня СРЮ да саюзу Расеі й Беларусі мне не па душы, паколькі я ня бачу тут пэрспэктываў моцнага дзяржаўнага саюзу».

Зь яшчэ большай падазронасьцю ставяцца да рыторыкі наконт саюзу славянскіх дзяржаваў у краінах Цэнтральнай Азіі. Прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў адразу пасьля свайго пераабраньня назваў сумнеўнай ідэю ператварэньня саюзу Беларусі й Расеі ў адзіную саюзную дзяржаву. Пры гэтым ён заявіў, што Казахстан ніколі не далучыцца да гэтага саюзу. Прэзыдэнт Узбэкістану Карымаў, у адрозьненьне ад таго ж Назарбаева, ніколі не даваў публічных ацэнак інтэграцыйным ініцыятывам Лукашэнкі ці Ельцына. Але ж адсутнасьць Карымава на апошніх самітах СНД была сама па сабе красамоўнай. Можна нагадаць, што на пачатку свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка наведаў Ташкент, дзе яго сустракалі з усёй усходняй гасьціннасьцю. Але ж пагадненьні паміж Менскам і Ташкентам - у прыватнасьці, аб пастаўках мільёнаў тон бавоўны ў Беларусь - так і засталіся на паперы. З таго часу кантакты Беларусі з Узбэкістанам мелі выпадковы, фармальны характар. Напярэдадні чарговага саміту СНД, заплянаванага на канец лютага, Узбэкістан заявіў пра выхад з дамовы аб калектыўнай бясьпецы краінаў СНД, якая, дарэчы, мае назоў "ташкенцкай" дамовы.

У свой час Беларусь пад націскам Масквы далучылася да яе, хоць і з агаворкамі, што беларускія грамадзяне ня будуць прымаць удзел ні ў якіх збройных канфліктах па-за сваімі межамі. Згодна з паведамленьнямі расейскіх СМІ, прэзыдэнт Карымаў у якасьці прычынаў выхаду з дамовы, на якой фактычна грунтуецца само існаваньне СНД, у якасьці матыву такога кроку называе імпэрскую палітыку Крамля. Вядома, што расейскія генэралы сёньня больш заклапочаныя стварэньнем супольнай расейска-беларускай групоўкі ў рамках ваеннай дактрыны саюзу. Лукашэнка, са свайго боку, не хавае ягонай скіраванасьці супраць НАТО ў пашыраным складзе.

Парадаксальным чынам, пакуль у Менску і Маскве гавораць пра выдатныя пэрспэктывы свайго саюзу, у абедзьвюх дзяржаваў застаецца ўсё меньш саюзьнікаў. Хоць афіцыйнае кіраўніцтва ў Маскве й Менску ўвесь час паўтарае, што саюз ніякім чынам не скіраваны супраць трэціх краінаў, на Захадзе, а цяпер ужо і ў большасьці краінаў СНД, гэтыя заявы ўспрымаюцца з адкрытым недаверам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG