Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сябры Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў на паседжаньні абмеркавалі сваю дзейнасьць. Больш-менш выразна акрэсьліліся дзьве пазыцыі ў адносінах да выбараў у “Палату прадстаўнікоў”.

Толькі Лібэральна-Дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча, якая ўжо месяц ігнаруе паседжаньні, зноў не прыслала свайго прадстаўніка. Астатнія восем партыяў, у тым ліку й дзьве ад Беларускага Народнага Фронту, удзельнічалі ў дыскусіі.

6 партыяў, хто ў большай ступені, хто ў меншай, падтрымліваюць тактыку байкоту выбараў. Уладзімер Нісьцюк агучыў вядомую пазыцыю “Народнае Грамады”. А лідэр партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, як і раней, лічыць, што тыя, хто актыўна ўдзельнічаюць у байкоце, памыляюцца. Паводле спадара Калякіна, ён мае спраўджаныя зьвесткі пра тое, што ўлады ў некаторых акругах таксама будуць рабіць усё, каб выбары там не адбыліся. І менавіта праз байкот. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца акругаў, дзе балятуюцца Міхал Чыгір і сам Сяргей Калякін.

Ніякага рашэньня адносна гэтага пытаньня сябры Кансультацыйнае рады не прымалі. Яны толькі зазначылі, што неабходная больш высокая ступень кансалідацыі дэмакратычных сілаў, асабліва з улікам прэзыдэнцкіх выбараў.

Паколькі ў паседжаньні браў удзел і старшыня Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік, Сяргей Папкоў паведаміў, што сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ зьвярнуліся ў Менскі гарадзкі выканкам з просьбаю дазволіць пікет “супраць палітыкі АБСЭ і ейнай Кансультацыйна-назіральнае групы ў Беларусі ў адносінах да расейскага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі”. Адпаведны дазвол сталічныя ўлады далі й прапанавалі правесьці пікет 29 верасьня ў парку “Дружбы народаў”.

На паседжаньні прысутнічала й кіраўніца групы замежных тэхнічных экспэртаў Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека Элізабэт Расмусан. Карыстаючыся з гэтае нагоды, я папрасіў пракамэнтаваць незразумелае маўчаньне эўрапейцаў. На іхных вачох адбываюцца затрыманьні агітатараў за байкот, прадстаўнікі місіі былі на судох, маюць іншую інфармацыю адносна рэпрэсіяў палітычных актывістаў…

Спадарыня Расмусан так выклала сваё разуменье функцыяў місіі:

“У мандат нашае місіі ўваходзіць ацэньваць выбары, а не рабіць нейкія заявы паводле выбараў. Зараз праходзіць усебаковая ацэнка таго, што адбываецца, дзеля таго, каб пасьля заканчэньня выбараў можна было б выступіць з адпаведнай заяваю”.

Гэта была кіраўніца групы замежных тэхнічных экспэртаў Элізабэт Расмусан.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG