У часе апытаньня людзей на вуліцах наш карэспандэнт сустрэў сьведку
трагічных падзеяў на паўночным ускрайку Менску. Яго завуць Сяргей Барысаў.
(Барысаў: ) “Я ведаю, што такое Курапаты, і нават ведаю больш, чым многія
менчукі. Справа ў тым, што я нарадзіўся ў 1934 годзе, і перад вайной мне
было ўжо 6 гадоў.
Мой бацька працаваў ва ўпраўленьні будаўніцтва і рамонту аўтамабільных
дарог. Начальнік ён быў маленькі, а ў той час у начальства не было легкавых
аўтамабіляў – былі палутаркі і трохтонкі. Звычайна ў кабіне езьдзіў кіроўца
і маленькі начальнік: дык бывала, што ён браў мяне ў кабіну.
Аднойчы – перад самым пачаткам вайны – мы праязджалі па прасёлачнай
дарозе. Тады слова “Курапаты” ніхто ня чуў – і ў 40-я гады, і потым – гэта
звалося “Паўночная ўскраіна”. Вось мы праязджаем, а з кустоў выходзяць
людзі, спыняюць, правяраюць дакумэнты. А кіроўца меў дазвол на праезд –
бо будаўнічае ўпраўленьне, рамонт дарог. І яны сказалі: “Праязджайце!”
І я чуў там дзікія крыкі, стогны, стрэлы…
Калі мы ад’ехалі, бацька і кіроўца кажуць: “Ты хлопчык маленькі – сядзі
і маўчы! Тут людзей нявінных растрэльваюць…”
Курапаты – гэта месца, дзе нарадзіўся новы вызвольны рух Беларусі. Ён
нарадзіўся на месцах магіл.
Гутарыў
Ягор Маёрчык
Ягор Маёрчык