Група палітычных і грамадзкіх дзяячоў Беларусі аб'явіла пра стварэньне
грамадзянскага камітэту «Выбар-2001». Як паведаміў нашаму карэспандэнту
адзін з заснавальнікаў новае структуры Генадзь Грушавы, галоўная мэта камітэту
— пошук адзінага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.
Сёньня ініцыятыўная група прыняла мэмарандум у стварэньні грамадзянскага
камітэту «Выбар-2001». Галоўнай задачаю камітэту аб'яўленая прэзэнтацыя
грамадзтву дэмакратычных лідэраў, здольных вывесьці Беларусь з крызысу,
спрыяньне росту іхнага электаральнага рэйтынгу.
Сярод заснавальнікаў «Выбару-2001»: прэзыдэнт дабрачыннага фонду «Дзецям
Чарнобыля» Генадзь Грушавы, галоўны рэдактар газэты «Народная воля» Іосіф
Сярэдзіч, дэпутаты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня
Ўладзімер Башарымаў, Уладзімер Нісьцюк, Уладзімер Тарасаў, Генадзь Усюкевіч,
Васіль Шлындзікаў і Валеры Шчукін.
У інтэрвію для нашага радыё Генадзь Грушавы патлумачыў, што галоўная
мэта камітэту — падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году:
(Грушавы: ) “Сёньня аб’яднаная апазыцыя фаактычна разьядналася на пачатку
гэтай важнейшай кампаніі, і чакаць, што лідэры ці прадстаўнікі гэтых важнейшых
партыяў змогуць стварыць структуру, якая зоймецца пашырэньнем электаральнай
базы і пераадолее супярэчнасьці ў адносінах лідэраў партыяў, сёньня складана…”
(Карэспандэнт: ) “Ці можна сказаць, што мэта новай структуры – выхад
на адзінага кандыдата апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах?”
(Грушавы: ) “Безумоўна. Але на пачатку мы вырашылі не далучацца да таго
сьпісу, які ўжо склаўся ў галовах дэмакратывчнага электарату. Можа адкрыюцца
новыя твары, вядомы ці невядомыя. Мэта камітэту – высьветліць за некалькі
месяцаў да выбараў, хто фактычна зьяўляецца сёньня чалавекам, які здольны
аб’яднаць беларускую нацыю. Яшчэ мэта – садзеяньне стварэньню кааліцыяў
у падтрымку гэтага кандыдата. Ня толькі знайсьці яго, але і паспрыяць таму,
каб розныя плыні дэмакратычнага грамадзтва аб’ядналіся менавіта вакол гэтага
чалавека”.
Генадзь Грушавы запэўніў, што грамадзянскі камітэт «Выбар-2001» ня створаны
пад нейкага канкрэтнага палітыка. «Гэтая структура ўтвораная пад дэмакратычна
арыентаванае беларускае грамадзтва, пад тую грамадзянскую супольнасьць,
якая чакае сёньня канкрэтных імёнаў», — сьцьвярджае прэзыдэнт фонду «Дзецям
Чарнобыля». Дарэчы, ўсе сябры камітэту забавязаліся не вылучаць сябе ў
якасьці кандыдатаў на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. Генадзь Грушавы
гэтак тлумачыць такое рашэньне:
(Грушавы: ) “Інакш бы мы ўвайшлі ў сытуацыю, калі кожная такога кшталту
структура ўспрымалася б як канкурэнт, як структура, што будзе садзейнічаць
менавіта свайму кандыдату”.
Для дасягненьня сваіх мэтаў камітэт мае намер зарганізаваць сыстэматычную
публікацыю ў СМІ сэрыі матэрыялаў пра тое, якім мусіць быць будучы дэмакратычны
прэзыдэнт, даводзіць да грамадзкасьці вынікі сацыялягічных апытаньняў,
адкрыць у інтэрнэце сайт камітэту й гэтак далей.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1