Менская міліцыя працягвае паляваньне на трох арганізатараў “Маршу Свабоды
– 3”, якіх хочуць прыцягнуць да адказнасьці за заклікі да байкоту выбараў.
Станіслаў Шушкевіч ды Вінцук Вячорка, ля кватэраў якіх учора дзяжурылі
міліцэйскія машыны, пакуль міліцыіянтам ня трапіліcя, а вось Людміла Гразнова
ўжо атрымала позву ў суд.
Учора Станіслаў Шушкевіч, нягледзечы на міліцэйскую аблогу сваёй кватэры,
вырашыў пераначаваць менавіта там. Гэта здарылася пасьля таго, як былы
кіраўнік дзяржавы пабыў на прыёме ў нямецкай амбасадзе, дзе сустрэў лідэра
партыі БНФ Вінцука Вячорку (яго таксама шукае міліцыя) ды Ганса-Георга
Віка, якога паінфармавалі пра перасьлед уладамі тых, хто выступаў на мітынгу
ў нядзелю.
Ураніцу спадару Шушкевічу зноў хацелі прымусова ўручыць позву ў суд,
але ён ускочыў у машыну ды паехаў на паседжаньне Кансультацыйнае рады апазыцыйных
палітычных партыяў. Іншы дэпутат Вярхоўнага Савету — Людміла Гразнова —
не супраціўлялася міліцыі ды атрымала позву. Трэці арганізатар “Маршу Свабоды”
— Вінцук Вячорка — пра выпадак са спадарыняй Гразновай даведаўся ад нашага
Радыё…
(Вячорка: ) “Не, я пра гэта ня ведаў яшчэ, але я хацеў бы пракамэнтаваць
сам падыход да ўручэньня позваў і судаводзтва ў лукашэнкаўскай Беларусі
ў перадвыбарчай сытуацыі. Мне здаецца абсалютна абуральным, што спосаб
уручэньня позваў – начныя ламаньні, патруляваньне пад’ездаў і т.д. – ажыцьцяўляецца
з максымальным прыніжэньнем асобаў, каму такія позвы маюць быць уручаныя,
і з парушэньнем заканадаўства. Калі я даведваюся, што да мяне ў дом спрабуюць
уламацца нейкія людзі ў чатыры гадзіны начы, я ведаю, што гэта груба супярэчыць
заканадаўству і элемэнтарнай прыстойнасьці”.
Гэта быў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
Усе спробы высьветліць у менскай міліцыі, чаму нехта вырашыў распачаць
перасьлед вядомых палітыкаў, былі марнымі. Намесьнік начальніка гарадзкое
ўправы ўнутраных справаў Сяргей Саланец, які суправаджаў калёну “Маршу
Свабоды”, сказаў мне сёньня па тэлефоне:
(Саланец: ) “Я ні да Шушкевіча, ні да Хадыкі па Маршы Свабоды прэтэнзіяў
ня маю. Нехта прыкрываецца нашым імем… Маё прозьвішча Саланец, Вы размаўляеце
з Саланцом. Я адказваю за сябе, а не за некага…”
Палкоўнік Саланец параіў зьвярнуцца яшчэ і ў Савецкі РАУС. Але на службовых
тэлефонах Савецкае раённае ўправы ўнутраных справаў усталяваныя аўтаматычныя
вызначальнікі нумароў, і там, відаць, адказваюць толькі на патрэбныя ім
тэлефанаваньні…
Аднак спадар Вячорка наўпрост зьвязвае міліцэйскае паляваньне на знакамітых
прыхільнікаў байкоту выбараў зь іхнымі прамовамі на мітынгу пасьля нядзельнае
дэманстрацыі.
(Вячорка: ) “Тое, што нас пачынаюць перасьледаваць за Марш Свабоды і
за выказваньне на ім нашых поглядаў на выбарчы фарс, яшчэ раз, чарговы
раз, для нас даўно дастаткова, і, я спадзяюся, дастаткова для міжнародных
структураў, даказвае, што ў Беларусі няма свабоды наагул і свабоды агітацыі
за байкот у прыватнасьці”.
Заявіў спадар Вячорка.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1