Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Лідэры аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі лічаць, што іх нядаўні візыт у шэраг эўрапейскіх сталіцаў быў даволі пасьпяховы. Паводле прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады, эўрапейскія структуры выказалі ім сваю падтрымку, а таксама спадзяваньне, што ў наступным годзе ў Беларусі пачнуцца кардынальныя дэмакратычныя пераўтварэньні.

Сёньня прадстаўнікі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка, Андрэй Саньнікаў і Аляксей Кароль правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой падвялі вынікі свайго візыту ў Эўропу.

Паводле словаў міжнароднага каардынатара “Хартыі-97” Андрэя Саньнікава, графік сустрэчаў у Брусэлі, Парыжы, Страсбургу, Лёндане й Бэрліне быў надзвычай насычаным. Яны сустрэліся з найвышэйшым прадстаўніком Эўразьвязу ў справе замежнае палітыкі Гаўерам Салянам, былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэніэлам Спэкгардам, які цяпер працуе ў штаб-кватэры NATO, з чыноўнікамі францускага МЗС, з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі (Ян Віерсма, Элізабэт Шродтэр ды іншыя), з намесьнікам кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Вялікае Брытаніі Кэйтам Васам ды парлямэнтарамі. Таксама адбыліся сустрэчы з намесьнікам міністра замежных справаў Нямеччыны Крыстафэрам Цопфэлем, дакладчыкам Рады Эўропы ў справах Беларусі Вольфгангам Бэрэндтам ды іншымі вядомымі эўрапейскімі палітыкамі.

Паводле лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, у прадстаўнікоў розных эўрапейскіх краінаў і структураў няма разыходжаньняў у поглядах на сытуацыю ў Беларусі. Усе яны не прызнаюць вынікаў выбараў у г.зв. “палату”, і лічаць, што зьмена кіраўніцтва Беларусі магчымая толькі ў выніку перамогі дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.

На думку лідэраў аб’яднанай апазыцыі, у дэпутаў г.зв. “палаты” амаль няма шанцаў быць прызнанымі ў Эўропе й прадстаўляць Беларусь у міжнародных структурах.

Абмяркоўвалася й пытаньне ўплыву Расеі на беларускую сытуацыю. Гаворыць Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы зьвярталіся з просьбай да ўсіх нашых эўрапейскіх суразмоўцаў скарыстаць іх уплыў для таго, каб у беларускім пытаньні Расея – што было б найлепш для нас – прынамсі, захоўвала нэўтралітэт, калі паўстане пытаньне аб прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Праграма максымум – гэта выкарыстаньне Эўропай і Злучанымі Штатамі ўсяго патэнцыялу ўплыву на Расею для таго, каб яна ня ўмешвалася ў нашыя нутраныя справы, не ратавала Лукашэнку і не навязвала нам альтэрнатыўнага “Лукашэнку”, але ў роўнай ступені – прамаскоўскага кандыдата”.

Паведаміў спадар Вячорка.

На думку прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады ўплыў на Расею ў Эўропы вялікі. Паводле апазыцыянэраў, у часе сустрэчы Крыстафэр Цопфэль заявіў, што стратэгічнае партнэрства Нямеччыны з Расеяй немагчымае пры падтрымцы ёю недэмакратычнае ўлады ў Беларусі.

У сваю чаргу апазыцыянэры запэўнілі нямецкіх палітыкаў, што падтрымліваюць ідэю правядзеньня газаводу з Расеі празь беларускую тэрыторыю ў Заходняю Эўропу, бо ажыцьцяўленьне гэтага праекту — у нацыянальных інтарэсах Беларусі.

Лідэры Каардынацыйнае рады паведамілі, што адзінства беларускай апазыцыі будзе захаванае, нягледзячы на спробы ўладаў і некаторых палітыкаў разбурыць кааліцыю. Так, учора менскі гарадзкі камітэт “Народнае Грамады” выключыў з шэрагаў партыі лідэра фракцыі “За адзінства” Аляксея Караля, які нібыта неаднаразова парушыў партыйны статут.

Спадар Кароль назваў гэтае рашэньне незаконным, бо ён намесьнік старшыні партыі, абраны на гэтую пасаду зьездам. І толькі зьезд можа яго выключыць з партыі. Паводле словаў Аляксея Караля, ён і ягоныя паплечнікі маюць намер у бліжэйшы час ініцыяваць скліканьне нечарговага зьезду “Народнае Грамады”.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG