Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Анатоль Малафееў зрабіў палітычную заяву: ён ня будзе прэтэндаваць на кіраўніцтва новай “Палатаю прадстаўнікоў”. Дэпутаты хочуць абмеркаваць пытаньне свайго кіраўніцтва з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пачатак першае сэсіі “Палаты прадстаўнікоў” другога скліканьня прызначаны на 21 лістапада. Яе рыхтуе гэтак званая Рабочая група, што складаецца з 21 новаабранага дэпутата — па 3 ад кожнай вобласьці й сталіцы. Дэпутацкія групы прапанавалі павялічыць колькасьць сталых камісіяў “Палаты прадстаўнікоў” з 11 да 14 — атрымліваецца па дзьве на кожны рэгіён. Сяргей Касьцян тлумачыць гэта тым, што новая “Палата прадстаўнікоў” будзе працаваць на прафэсійнай аснове, і таму патрэбнае больш раўнамернае разьмеркаваньне пасадаў.

Новая “Палата прадстаўнікоў” сутыкнецца з праблемаю — у яе склад трапіла шмат кіраўнікоў прадпрыемстваў, бізнэсоўцаў, “вэртыкальшчыкаў” — не ўсе зь іх пажадаюць пакінуць прыбытковыя справы й перайсьці на сталую працу ў “парлямэнт” да 20 лютага, як гэтага патрабуе закон.

Сяргей Касьцян лічыць, што гэта не абавязкова: “Зыходзячы з маіх асабістых меркаваньняў, я не ўяўляю — чым будуць займацца 97 абраных дэпутатаў. На сталым грунце трэба працаваць можа блізу 50 дэпутатам, а астатнія лепей хай застаюцца на вытворчасьці й папаўняюць наш бюджэт праз падаткі ды іншае”, — адзначыў дэпутат “Палаты прадстаўнікоў” першага й другога скліканьняў Сяргей Касьцян.

Гэтае ды іншыя пытаньні, у тым ліку адносна кіраўніцтва “парлямэнту”, новаабраныя дэпутаты зьбіраюцца заўтра абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты факт падкрэсьлівае несамастойнасьць «Палаты прадстаўнікоў» як воргана ўлады.

Гаворыць сябра рабочае групы, якая будзе сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам Анатоль Красуцкі:

(Красуцкі: ) “Перадусім абмеркаваць пытаньні, якія тычацца складу камісіяў, структуры парлямэнту і, магчыма, абмеркаваць пытаньне пасады сьпікера і віцэ-сьпікера. Параіцца, як кажуць”.

У “Палаце прадстаўнікоў” палітычных фракцыяў няма і, відаць, ня будзе. Замест гэтага Рабочая група прапанавала падзяліць “палату” на “абласныя” групы, якія мелі б сваіх каардынатараў.

Апазыцыйны палітык Уладзімер Нісьцюк назваў гэтыя рэгіянальныя групы “штучнымі ўтварэньнямі”, якія не абапіраюцца ні на якія законы і зьяўляюцца, паводле Нісьцюка, гэткай “паралельлю прэзыдэнцкае вэртыкалі”, закліканай больш жорстка кантраляваць дэпутатаў.

Учора Анатоль Малафееў зрабіў палітычную заяву: ён ня будзе прэтэндаваць на кіраўніцтва новай “Палатаю прадстаўнікоў”. Хто стане сьпікерам, ужо цяпер можна зь лёгкасьцю прадказаць. Вось як мяркуе Анатоль Красуцкі:

(Красуцкі: ) “Самая верагодная магчымасьць стаць сьпікерам парлямэнту ёсьць, я мяркую, у Канаплёва”.

Думку Красуцкага падзяляе вельмі шмат іншых дэпутатаў новае “палаты”, зь якімі ўдалося пагаварыць. Відаць, падтрымае Ўладзімера Канаплёва і ягоны зямляк Аляксандар Лукашэнка. Хто стане віцэ-сьпікерам? Тут ёсьць розныя варыянты — Глухоўскі, Пашкевіч, Машэрава, Папоў, той жа Красуцкі. На думку апошняга, у кіраўнікоў “Палаты прадстаўнікоў” пасады амаль што вытворчая:

(Красуцкі: ) “Сьпікер – гэта проста кіраўнік тэхналягічнага працэсу”.

Адзначыў Анатоль Красуцкі.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG