Кіраўніцтва “Маладога Фронту” й Праваабарончы цэнтар “Вясна” маюць намер
прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці шэраг супрацоўнікаў Партызанскага
раённага аддзелу міліцыі Менску. Міліцыянты з гэтага пастарунку днямі зьбілі
двух непаўнагадовых маладафронтаўцаў Алега Корбана й Міхася Царкова.
Падлеткаў затрымаў супрацоўнік міліцыі ў цывільным у раёне сталічнай
вуліцы Грыцаўца ў той час, калі тыя клеілі ўлёткі з заклікам прыйсьці 12
лістапада да Акадэміі Навук і ўзяць удзел у маладзёвай акцыі пад назваю
“Пераменаў!” Міліцыянт выклікаў патрульную машыну.
Падлеткі сьцьвярджаюць, што ў пастарунку іх распранулі, абшукалі, сканфіскавалі
ўлёткі, а пасьля пачалі зьдзеквацца. Паводле Алега Корбана, яго зь сябрам
завялі ў габінэт і пачалі зьбіваць нагамі.
Міхася Царкова білі кулаком у патыліцу, а таксама прыляпілі на лоб улётку.
Алегу Корбану сьціснулі нос зашчэпкаю для мацаваньня бялізны. Пры гэтым,
паводле падлеткаў, міліцыянты іх усяляк абражалі. Пасьля маладафронтаўцаў
даставілі ў інспэкцыю ў справах непаўнагадовых, склалі пратаколы за засьмечваньне
навакольнага асяродзьдзя ды адпусьцілі.
Параіўшыся з бацькамі, дзеці напісалі заявы ў Праваабарончы цэнтар “Вясна”
з просьбаю прыцягнуць міліцыянтаў да крымінальнае адказнасьці.
Я вырашыў пацікавіцца ў раённым аддзеле міліцыі, што ж здарылася там
з затрыманымі падлеткамі? Дзяжурны паведаміў, што асобы з такімі прозьвішчамі
нібыта ўвогуле не дастаўляліся ў РАУС. А вось што паведаміла нашаму радыё
інспэктарка ў справах непаўнагадовых Аксана Шмыга:
(Шмыга: ) “Я прыйшла, іх прывезьлі з аховы — гэтых двух хлопцаў з торбаю
ўлётак. Я дала пратаколы, гэтыя ахоўнікі, што іх прывезьлі, расьпісаліся,
напісалі рапарты. Я ўзяла ў падлеткаў тлумачэньні, склала пратаколы і адпусьціла
іх дахаты. Пры мне яны зьбітымі не былі, я вам гэта скажу дакладна”,
— гэта была інспэктарка ў справах непаўнагадовых Партызанскага РАУС
лейтэнант Аксана Шмыга.
А вось меркаваньне прадастаўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна
Стэфановіча:
(Стафановіч: ) “Партызанскі РАУС вызначаецца такімі грубымі парушэньнямі
закону. Тут можна згадаць гісторыю зь Кадуковым, калі ён быў пратрыманы
ўсю ноч замест трох гадзінаў. У Партызанскі РАУС была выкліканая здымачная
група БТ, якая здымала допыт. Ну і вось зараз зноўку паўтарылася. Пра гэты
факт трэба напісаць скаргу ў пракуратуру Партызанскага раёну, узяць накіраваньне
ў пракуратуры на правядзеньне судова-мэдычнай экспэртызы і ў скразе прасіць
узбудзіць крымінальную справу паводле артыкулу 167 частка 2 “Перавышэньне
паўнамоцтваў службовай асобы, якое зьвязанае з прымяненьнем гвалту”.
Паведаміў спадар Стэфановіч.
Праваабаронцы з цэнтру “Вясна” маюць намер давесьці гэтую справу да
суду й прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасьці.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1