Жонка дэпутата Андрэя Клімава Тацяна атрымала тры дні спатканьня з мужам.
Тацяна падзялілася з нашым карэcпэндэнтам ўражаньнямі ад наведаньня менскае
калёніі.
За амаль тры гады, якія Андрэй Клімаў за кратамі, гэта было іх першае
трохдзённае спатканьне. Яно адбылося ў адмысловым турэмным гатэльчыку.
Тацяна распавяла, што ў гатэлі было цёпла й даволі ўтульна, надоечы там
зрабілі рамонт, і гэтая чысьціня спачатку спрыяла яе добраму настрою. Яго
не сапсавала нават даўгая і зьняважлівая працэдура абшукваньня. А потым
прыйшоў Андрэй, худы, апрануты ва ўсё чорнае, і сэрца Тацяны як забалела
ў тую хвіліну, калі ён вайшоў, так дагэтуль не адпускае.
Тацяна распавядае:
(Тацяна: ) “Уражаньні вельмі супярэчныя. З аднаго боку, я вельмі была
радая пабачыцца з Андрэем, правесьці зь ім тры дні, а з другога боку я
даведалася падрабязнасьці яго побыту і мяне апанаваў жах. Ён апісаў, як
утрымліваюць зьняволеных, якое яны атрымліваюць харчаваньне – адным, словам,
канцлягер. Калі няма дапамогі з дому, чалавек асуджаны на выміраньне. Гэта
справа толькі часу. Ад недаяданьня, ад голаду… У іх дагэтуль няма ацяпленьня.
А харчаваньне такое: панцак раніцай, панцак удзень, панцак увечары”.
(Карэспандэнт: ) “Ён накінуўся на Вашыя прысмакі?”
(Тацяна: ) “Накінуўся”.
Андрэй, аднак ня скардзіцца на харчаваньне, — заўважыла Тацяна. — Галоўнае,
што больш за ўсё яго трывожыць, гэта адсутнасьць сапраўднае волі, залежнасьць
ад турэмных парадкаў, якія цяжка зразумець людзям, што жывуць за межамі
турмы.
“Зьняволеныя і адміністрацыя стварылі нейкі свой сьвет, нам незразумелы.
Там шмат розных табу, сымбаляў, розных бессэнсоўных правілаў, якім трэба
падпарадкоўвацца, а калі гэтага ня зробіш, дык увогуле там ня выжывеш”,
— такую выснову Андрэя паўтарае Тацяна.
Між тым, паводле ейных словаў, адміністрацыя ставіцца да Андрэя як да
звычайнага арыштанта, ня робячы яму выключэньняў і не чапляючыся без патрэбы.
Вольны час Клімаў бавіць чытаньнем газэтаў і кнігаў, асабліва ні з кім
яму дагэтуль асабліва пасябраваць не ўдалося, але ён імкнецца сачыць за
палітычным жыцьцём краіны.
(Тацяна: ) “Ён чытае прэсу, яму вядомыя ўсе падзеі, якія адбываюцца
на волі, ён мае нейкае стаўленьне да гэтых падзеяў”.
(Карэспандэнт: ) “Што ён кажа пра выбары?”
(Тацяна: ) “Ён кажа, што нават 45 адсоткаў – гэта завялікі працэнт яўкі”.
Паводле Тацяны, Андрэй быў прыхільнікам байкоту выбараў, але ўсё ж лічыць,
што апазыцыі не ўдалося дамагчыся сваіх мэтаў. Напрыканцы яна паведаміла,
што Андрэй выпадкова сустрэў у турме свайго былога калегу-дэпутата Ўладзімера
Кудзінава. “Андрэй казаў, што Валодзя вельмі худы, і потым некалькі разоў
вяртаўся да гэтае сустрэчы. Яму ўсё незразумела, чаму ў турме так дрэнна
кормяць вязьняў. …А што тут незразумелага, людзей лічаць рабамі, вось і
ўсё”, — сказала, падсумоўваючы свае ўражаньні, Тацяна Леановіч, жонка дэпутата
Андрэя Клімава.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1