Прынятая ўчора Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адмысловая рэзалюцыя
ў справе Беларусі – дакумэнт, які можа йстотна паўплываць на далейшыя ўзаемныя
стасункі Злучаных Штатаў і Беларусі. А што думаюць пра ўхваленую амэрыканскімі
кангрэсмэнамі рэзалюцыю беларускія палітыкі?
Прынятая Палатаю прадстаўнікоў Кангрэсу адмысловая рэзалюцыя ў справе
Беларусі ня стала нечаканасьцю для беларускіх палітыкаў. Пракамэнтаваць
гэтую падзею я папрасіў віцэ-сьпікера гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”
і чалавека, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі – Ўладзімера Канаплёва…
(Канаплёў: ) “Я Палаце Прадстаўнікоў раю ня ўмешвацца ў справы нашае
сувэрэннае дзяржавы, няхай лепш навядуць парадак у сваёй хаце. Яны па нас
шмат чаго прымалі раней, і я лічу, што гэта – чыста палітычная неабдуманая
ініцыятыва, на якую прадстаўнікоў Кангрэсу штурхаюць пэўныя апазыцыйныя
сілы ў нашай краіне.
Вы ўявіце, якія б былі наступствы для Злучаных Штатаў Амэрыкі, калі
б мы прынялі рэзалюцыю пра тое, што яны дрэнна абыходзяцца з нэграмі ці
зь індзейцамі – загналі іх у рэзэрвацыі. Аніякіх наступстваў ня будзе,
што яны могуць нам зрабіць?
Мы йдзем на наступныя выбары ўвосень, самыя дэмакратычныя выбары, якія
будуць праведзеныя ў Рэспубліцы Беларусь за апошнія гады”,
– паведаміў нашаму радыё спадар Канаплёў.
У лідэраў беларускай апазыцыі кардынальна іншы погляд на тую падзею,
што адбылася ўчора на Капіталійскім узгорку ў Вашынгтоне. Гаворыць лідэр
АГП й дэпутат Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Дакумэнт – палітычнага зьместу, але натуральна, што наступствы
яго будуць ня толькі палітычныя, але і экананмічныя, і зьвязаныя з тымі
рэшткамі іміджу, якія яшчэ былі ў рэжыма Лукашэнкі на міжнароднай арэне.
Я думаю што час, калі прынятая гэтая рэзалюцыя, – ён таксама вельмі істотны.
Зараз ідзе дыскусія, ці будзе рэжым і асабіста Лукашэнка выконваць тыя
міжнародныя абавязкі, якія ён на сябе ўзяў пад час саміту ў Стамбуле. І
я думаю, што якраз Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі найбольш пасьлядоўна
адстойвае гэтую пазыцыю. Я не выключаю, што зараз будзе нейкая хваля антыамэрыканскіх
заяваў на ўзроўні Масквы – Дзяржаўнай Думы, іншых публічных палітыкаў –
але калі справа дойдзе да канкрэтнага вырашэньня канкрэтных пытаньняў,
дык я думаю, што Масква павінна будзе ўлічваць наступствы гэтае рэзалюцыі”.
– лічыць спадар Лябедзька.
А вось думка старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі…
(Вячорка: ) “Тое, што рэзалюцыя, прайшоўшы ўсе папярэднія інстанцыі
ўхваленая Кангрэсам, вельмі важны крок дзеля стварэньня спрыяльнага міжнароднага
клімату вакол пытаньня вяртаньня дэмакратыі і абароны незалежнасьці Беларусі.
Па-першае, ясна сьцьвярджаецца, што ў цяперашнім кантэксьце немагчымыя
ніякія дэмакратычныя выбары ўвосень. Гэтая пазыцыя Злучаных Штатаў павінна
паўплываць і на эўрапейскія краіны. І добра, што тэкст прыняты напярэдадні
прыезду сюды эўратройкі. Другі момант – у гэтым дакумэнце ўпершыню ў найноўшай
гісторыі міжнародных дачыненьняў Беларусі адназначна сьцьвярджаецца, што
Расея нясе віну за кансэрвацыю рэжыму Лукашэнкі, і адназначна сьцьвярджаецца,
што замахі на незалежнасьць Беларусі ёсьць пагражальныя для раўнавагі,
для дэмакратычных, мірных працэсаў у нашым рэгіёне. Каштоўнасьць дакумэнту
якраз у тым, што дзьве справы – незалежнасьць Беларусі і аднаўленьне дэмакратыі
ў Беларусі – завязваюцца ў адно цэлае”.
Вы чулі камэнтар да рэзалюцыі ў справе Беларусі Палаты прадстаўнікоў
Кангрэсу ЗША лідэра партыі БНФ Вінцука Вячоркі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
(Тэкст рэзалюцыі, а таксама інтэрвію з ініцыятарам яе прыняцьця,
кангрэсмэнам Сэмам Гейдэнсанам ды іншыя прынагадныя матэрыялы чытайце ў
адмысловым разьдзеле “Рэзалюцыя Кангрэсу ЗША” у разьдзеле “Што новага”
на галоўнай старонцы сайту)
Самае папулярнае
1