Стала вядома, што дэлегацыя “тройкі” АБСЭ наведае Беларусь у
першай дэкадзе красавіка. Хутчэй за ўсё, візыт працягнецца з 6 па 8 красавіка.
Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску цяпер занятая падрыхтоўкаю
гэтага візыту.
Адразу засяроджу ўвагу слухачоў на тым, што “тройка”, якая хутка наведае
Менск – ня тая, што была ў Беларусі ў пачатку сакавіка. Дэлегацыя, якая
прыбудзе ў Менск празь некалькі тыдняў, будзе прадстаўляць толькі Парлямэнцкую
асмблею АБСЭ. А свой назоў – “тройка” – яна атрымала таму, што ў ейным
складзе дыпляматы трох дзяржаваў: Аўстрыі, якая старшынюе ў АБСЭ, Нарвэгіі,
якая страшынявала летась, і Румыніі, якая будзе кіраваць у АБСЭ ў 2001
годзе.
Дакладны асабісты склад “тройкі” АБСЭ пакуль невядомы. Як невядома й
тое, ці прыедзе ў Менск кіраўнік рабочае групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай
Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын.
Паводле намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня
Анатоля Лябедзькі, спадар Севярын ня робіць сакрэту з таго, што будзе сёлета
балятавацца на пасаду старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якую пакуль
займае спадарыня Хэле Дайн з Даніі. І яму, каб павялічыць свае шанцы й
перамагчы іншых прэтэндэнтаў, патрэбна нейкая маштабная акцыя – накшталт
вырашэньня праз выбары ў парлямэнт беларускае праблемы.
У сувязі з гэтым Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што пад час слуханьняў
у справах Беларусі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША Адрыян Севярын займаў
больш радыкальную пазыцыю, чым пад час сваіх візытаў у Менск. Як лічыць
беларускі парлямэнтарый, гэта праяўленьне разуменьня спадаром Севярынам
сучасных міжнародных рэаліяў – ад падтрымкі Злучаных Штатаў, якія ўваходзяць
у АБСЭ, шмат залежыць у абраньні новага старшыні Парлямэнцкай асамблеі
АБСЭ.
У падрыхтоўцы красавіцкага візыту “тройкі” актыўна ўдзельнічае намесьнік
кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Петэр Кляйнэр.
Для яго гэта будзе апошняя буйная справа, зьвязаная з працаю ў Менску,
паколькі на пачатку красавіка спадар Кляйнэр пакіне Беларусь. Хто яго заменіць,
пакуль невядома. Але адно ўжо ясна – гэта ня будзе прадстаўнік Расеі, Украіны,
Польшчы, Летувы або Латвіі. Паводле правілаў АБСЭ, на такія пасады не прызначаюцца
дыпляматы з краінаў, якія маюць агульную мяжу зь Беларусьсю.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1