У Страсбургу працягваецца паседжаньне парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Як вядома, у красавіку асамблея разглядала магчымасьць спыненьня сяброўства
Расеі ў гэтай арганізацыі з прычыны вайны ў Чачні і пазбавілі яе права
голасу. Днямі выканаўчы ворган Рады – камітэт міністраў – рэкамэндаваў
аднавіць правы Расеі, паколькі “Масква робіць крокі насустрач”.
Традыцыйна парлямэнтарыі заўсёды настроеныя больш крытычна й рашуча,
чым прадстаўнікі выканаўчае ўлады, і падзеі ў Страсбургу пацьвярджаюць
гэта. Парлямэнтарыі кантактуюць з праваабарончымі арганізацыямі, якія маюць
факты жудаснага парушэньня правоў чалавека ў Чачні; міністры замежных справаў
звычайна сустракаюцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі Крамля, у якіх на чачэнскую
вайну іншы погляд. Цяжка сказаць, што меў на ўвазе камітэт міністраў, калі
казаў пра “крокі насустрач” з боку Масквы. На гэтым тыдні найбольш заўважальным
крокам ёсьць, безумоўна, афіцыйны байкот Расеі сэсіі парлямэнцкай асамблеі.
Учора перад удзельнікамі паседжаньня Рады Эўропы выступілі вядучы расейскага
тэлевізійнага каналу ОРТ Сяргей Дарэнка й генэральны дырэктар НТВ Яўген
Кісялёў. Абодва прадстаўнікі вядучых расейскіх тэлекампаніяў (якія, заўважым,
знаходзяцца паміж сабою ў стане пэрманэнтнага палітычнага супрацьстаяньня
і творчай канкурэнцыі) – абодва заявілі, што ў Расеі існуе сур’ёзная пагроза
свабодзе слова.
“Праз год або два проста не застанецца аніякіх грамадзянскіх інстытуцыяў.
Вы будзеце размаўляць толькі з адной пэрсонаю – дзяржаўнай машынаю”, –
заявіў Дарэнка.
Разам з тым, Яўген Кісялёў папярэдзіў, што спробы пакараць Расею могуць
мець адмоўны для Захаду вынік. “Якраз цяпер ўзровень антызаходніх, антыэўрапейскіх
настрояў у грамадзтве вельмі высокі, вялікі і ўзровень ізаляцыянізму”,
– заявіў Кісялёў.
Тым часам, Арменія і Азэрбайджан чакаюць ўваходу ў склад Парлямэнцкай
асамблеі Рады Эўропы, хаця іх шанцы выглядалі невялікімі.
Арменія ўсё яшчэ мае ў Крымінальным кодэксе сьмяротнае пакараньне; акрамя
гэтага, у краіне захоўваецца моцны кантроль дзяржавы над сродкамі масавай
інфармацыі.
У Азэрбайджане асоба, якая абразіла прэзыдэнта, можа быць асуджаная
да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Тут прэса падвяргаецца жорсткаму ціску,
а журналісты – перасьледу.
Праваабарончая арганізацыя “Артыкул XIX”, якая займаецца праблемаю свабоды
слова й месьціцца ў Лёндане, навогул лічыць, што пра сяброўства Азэрбайджану
ў Радзе Эўропы можна казаць толькі ўмоўна. Вось што заявіў на сэсіі кіраўнік
гэтай арганізацыі Эндру Пудыфат:
(Пудыфат: ) “Маецца шэраг выпадкаў, калі ўлада затрымлівала публікацыю
непажаданых матэрыялаў і спыняла вяшчаньне. Таксама ёсьць выпадкі фізычных
нападаў невядомых асобаў на журналістаў, і гэтыя выпадкі недасьледваныя”.
Ня менш сур’ёзнай перашкодаю да ўваходу ў Раду Эўропы зьяўляецца й супрацьстаяньне
абедзьвюх краінаў у справе Нагорнага Карабаху.
Аднак Рада Эўропы, арганізацыя, якая рэпрэзэнтуе сябе як абаронца правоў
чалавека й дэмакратыі, лічыць магчымым прыняць Арменію і Азэрбайджан у
склад Рады. Цяпер патрэбна толькі фармальнае зацьверджаньне камітэту міністраў
Рады Эўропы, якое павінна адбыцца ў лістападзе.
На сэсіі выступілі два судакладчыкі: Жак Бонмэль – у справе Азэрбайджану,
і Дзімітрыа Вольчык – у справе Арменіі, якія былі практычна аднадушныя
ў сваіх высновах. Яны лічаць, што прысутнасьць краінаў у Радзе Эўропы спрыяла
б ня толькі іхнае дэмакратызацыі, але й найхутчэйшаму вырашэньню нагорна-карабаскага
канфлікту.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1