Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Варшаве сёньня распачаліся дзьве міжнародныя канфэрэнцыі. Адна – “Варшаўская канфэрэнцыя” – міністраў замежных справаў, другая – канфэрэнцыя няўрадавых арганізацыяў пад назовам “Насустрач грамадзтву дэмакратыяў”…

“Ніхто ня ведаў неба лепей, чым Капернік, ніхто не пісаў лепей пра мора за Конрада, і ніхто так моцна, як палякі, не дамагаўся свабоды”, – сказала дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт учора ў Польшчы, напярэдадні адкрыцьця Міжнароднага форуму дэмакратыі, у якім бяруць удзел прадстаўнікі 108 дзяржаваў.

Ініцыятарамі і фундатарамі канфэрэнцыі выступілі Польшча, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Чэхія, Чылі, Малі, Індыя і Рэспубліка Карэя.

Міністэрства замежных справаў Польшчы запрасіла на Міжнародны форум дэмакратыі 130 дзяржаваў. Не атрымалі запрашэньня Беларусь, Кітай, Іран, Ірак, Кыргызстан і Пэру. Прычына – нізкі ровень дэмакратыі ў гэтых краінах. Аднак прадстаўнікі беларускай апазыцыі бяруць удзел у канфэрэнцыі няўрадавых арганізацыяў.

Польскія сродкі масавай інфармацыі ў адказ на пытаньне, чаму сьпіс удзельнікаў лімітаваны, цытуюць словы нямецкага амбасадара Шляйфэра – “цяжка сабе ўявіць дыялёг з Саддамам Хусэйнам”.

Канфэрэнцыю няўрадавых арганізацыяў адкрыў выступ мэцэната й філянтропа Джорджа Сораса. Сярод іншага Сорас заявіў:

“Мы можам гаварыць пра трыюмф капіталізму ў сьвеце, але мы ня можам пакуль гаварыць пра трыюмф дэмакратыі. Капіталізм і дэмакратыя не абавязкова крочаць поруч, але ёсьць пэўная сувязь. Стандарты жыцьця, якія падвышаюцца, і фармаваньне сярэдняе клясы патрабуе свабоды і дэмакратыі. Яны таксама патрабуюць большай палітычнай стабільнасьці. Але гэтая сувязь далёкая ад аўтаматычнай”.

Бальшыня выступоўцаў закраналі неабходнасьць рэфармаваньня глябальных інстытуцыяў, якія павінны вырашаць сучасныя канфлікты і захоўваць правы чалавека.

Абмяркоўвалася немагчымасьць міжнародных арганізацыяў выступаць гарантамі захаваньня правоў чалавека. Бездапаможнасьць Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у пытаньні гэнацыду ў Босьніі ды іншых краінах сталі прычынаю, што NATO выкарыстала ваенную кампанію для дасягненьня гуманітарных мэтаў. І нават тут выбар быў выбарачным. Чаму NATO бамбавала Югаславію, каб ратаваць этнічных альбанцаў у Косаве ад чыстак, але не рабіла тое самае супраць Расеі за брутальную вайну ў Чачні.

Тым часам афіцыйная дэлегацыя з Пэру далучылася да канфэрэнцыі міністраў замежных справаў, нягледзячы на тое, што адсутнічала запрашэньне. Раней Пэру мела запрашэньне, аднак пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 28 траўня, якія адбываліся з парушэньнямі й прывялі да перабраньня Фуджыморы, запрашэньне было скасаванае. Дыпляматы са Злучаных Штатаў маюць у плянах сустрэчу з галоўным апазыцыйным лідэрам Пэру Алеяндрам Таледам.

Сам сьпіс удзельнікаў канфэрэнцыі “Насустрач грамадзтву дэмакратыяў” стаў прычынаю дыскусіяў. Ці варта было запрашаць краіны, якія не прайшлі тэсту на дэмакратыю? Гэта Эгіпет, Катар, Кенія, Кувэйт, Туніс, Емен, Буркіна Фасо і Азэрбайджан. Толькі краіны з дэмакратычнымі прынцыпамі павінныя быць на канфэрэнцыі, – заявіла праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк сказаў, што вынік варшаўскага форуму павінен быць ня менш моцным, як Гэльсынскае пагадненьне 1975 году пра бясьпеку й супрацоўніцтва ў Эўропе. “Варшаўская Дэклярацыя”, падпісаньне якой адбудзецца заўтра, павінна стаць хартыяй асноўных дэмакратычных прынцыпаў. Наступная канфэрэнцыя, прысьвечаная ўсясьветнай дэмакратыі, заплянаваня на 2002 год у Сэуле.

Вольга Караткевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG