Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


29 кастрычніка ў Бабруйску Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій адзначылі вечарынай і памінальнай службай у праваслаўным храме.

Вечарына адбылася на сядзібе гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянкай партыі. Арганізавалі яе сябры АГП, аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». На вечарыну прыйшло больш за пяцьдзясят чалавек.

Сцэнар «Вечарыны памяці» рыхтавала актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Вольга Піманава. Натхніў правесьці яе, кажа спадарыня Піманава, палітвязень Алесь Бяляцкі. Зь ім актывістка перапісваецца.

Піманава: «Ён прапанаваў, каб у Бабруйску імем рэпрэсаваных Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага былі названыя вуліцы. Я пачала зьбіраць зьвесткі і нарадзілася ідэя правесьці вечарыну. На ёй мы гаварылі пра 75-ю гадавіну вялікага сталінскага тэрору. Пра рэпрэсаваных сьвятароў. На тэрыторыі сучаснай Бабруйскай эпархіі праз рэпрэсіі прайшлі, паводле дасьледнікаў, 106 сьвятароў. Згадвалі жыцьцёвы шлях мясцовага пісьменьніка Барыса Мікуліча. Ён 10 гадоў адседзеў у лягерах. Потым вярнуўся, і яго зноў саслалі ў ссылку, дзе ён памёр. На вечарыне мы і распачалі збор подпісаў за тое, каб дзьве вуліцы ў горадзе былі названыя імёнамі Барыса Мікуліча і Сяргея Грахоўскага. Грахоўскі нарадзіўся не ў Бабруйску, але пачаў працоўную дзейнасьць у нашым горадзе. Яму наканавана было выжыць у лягерах. Пра гэта ён пісаў у сваіх успамінах».

Згадвалі на вечарыне й пра бабруйскую арганізацыю «Ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», адну зь першых у Беларусі. Казалі і пра музэй «Ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў», які існаваў у Бабруйску і які таямніча ад грамадзкасьці зьнік са сваімі экспанатамі. Згадвалі і заснавальніцу музэю Ганну Бокач.

Сёньня ўдзень у бабруйскім праваслаўным саборы сьвятога Мікалая адбылася памінальная служба, якую замовілі мясцовыя актывісты апазыцыі. З царквы яны пранесьлі запаленыя сьвечкі да памятнага знаку ахвярам рэпрэсій, што на плошчы Перамогі. Летась гэтым шляхам зьбіралася прайсьці група мясцовых актывістаў апазыцыі. Іх затрымалі ля самой царквы, а потым судзілі. Чацьвёра атрымалі штрафы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG